Лішкі агародніны. Куды здаць?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Гэты год выдаўся вельмі ўраджайным для саду і агарода. Многія вяскоўцы, дачнікі вырасцілі столькі садавіны і агародніны, што хапае не толькі сабе, родным і знаёмым, але і застаецца яшчэ шмат.

Каб лішкі з агарода не прападалі, іх можна здаць нарыхтоўшчыкам. Аб тым, дзе і як прымаюць садавіну-агародніну ў Дзятлаўскім раёне, расказала вядучы спецыяліст аддзела нарыхтовак, прамысловасці, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынка Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Марына Іванаўна Ступчык:

– Вялікіх пытанняў па нарыхтоўках няма. Хто звяртаецца, мы ўсе заяўкі прымаем. Цяпер самая гарачая пара для нарыхтоўкі яблыкаў, якіх у гэтым годзе вельмі многа. Стацыянарных пунктаў прыёму яблыкаў у нас няма, мы працуем з чатырма раз’язнымі нарыхтоўшчыкамі, якія ездзяць на сваіх машынах. Людзі тэлефануюць мне, я – нарыхтоўшчыкам, якія і забіраюць плады.

Ці часта прымаеце заяўкі?

– Амаль кожны дзень, яблыкі здаюць актыўна. Сёлета нарыхтавалі ўжо амаль 500 тон. Бывае, што гэтую садавіну і да лістапада прымаем.

– Куды ж падзець такі ўраджай?

– Здаём на харчовы камбінат “Фенікс” у Паўлава і на Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. У мінулым годзе нават у Гомель і Калінкавічы вазілі. У гэтым годзе пакуль здаём яблыкі ў сваёй вобласці.

– А лясныя дары ці прымаеце?

– Звычайна прымаем лісічкі, але гэты год не грыбны. А вось чарніцаў сёлета нарыхтавалі 1 тону 800 кілаграмаў.

– Увогуле, ці шмат прадукцыі здалі людзі?

– Напрыклад, алычы – 1 тону 700 кілаграмаў, чарнаплоднай рабіны – 300 кілаграмаў, іх мы здалі на камбінат “Фенікс”. Гэтыя ягады прымалі ў магазіне “Нарыхтоўчы”, а таксама па вёсках – у магазіне “Івушка” ў Казлоўшчыне, магазіне ў аграгарадку Круцілавічы.

Шмат прымаем і агародніны, яе нам прывозяць два разы на тыдзень. З пачатку сезона мы нарыхтавалі 32 тоны агуркоў, 23 тоны памідораў, 43 тоны капусты, 20 тон бульбы, 7 тон цыбулі, 10 тон морквы і 9 тон буракоў. У аднаго пчаляра прынялі 200 кілаграмаў мёду. Мёд добры, з усімі неабходнымі аналізамі.

– Значыць, у якасці прымаемай прадукцыі можна не сумнявацца?

– Абсалютна. Каб здаць агародніну, спачатку неабходна ў аграхімлабараторыі зрабіць аналіз прадукцыі на нітраты і радыенукліды, прадаставіць усе неабходныя дакументы, бо без іх не прымаем. Наша агародніна сапраўды частая і бяспечная, добрай якасці. Гэтая прадукцыя пастаўляецца па магазінах. Усе дзятлаўскія магазіны ў поўным аб’ёме забяспечваюцца агароднінай. Так што купляйце і ешце спакойна.

– Цікава, у параўнанні з мінулым годам, больш ці менш здаюць садавіны і агародніны?

– Прыблізна аднолькава, напрыклад агуркоў у мінулым годзе на такі перыяд мы прынялі 31,3 тоны.

Святлана ГРЫШЫНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *