Свята хлеба сабрала ў Дварцы жыхароў і гасцей аграгарадка ў рамках праекта «Дбайных людзей славім — весела час бавім».
Мерапрыемства пачалося з урачыстага шэсця ў суправаджэнні Наваельнянскага духавога аркестра. Калона жыхароў Дварца гучна прайшлася па вуліцах аграгарадка, быццам склікаючы ўсіх астатніх на свята.
А на святочнай пляцоўцы ўжо чакалі вядучыя свята, якія пачалі сваю праграму і запрасілі павітаць прысутных старшыню Дварэцкага сельвыканкама Канстанціна Вінцукевіча.
Па даўняй традыцыі, гаспадар сустрэў паважаных гасцей з хлебам-соллю.
Як адзначылі на свяце, самае галоўнае багацце ўсіх людзей — менавіта хлеб, таму яму — пашана, яму — паклон.
З конкурсу на лепшы каравай пачалі ўсю конкурсна-забаўляльную праграму.
Прадставілі свае хлебныя вырабы КСУП “Войневічы”, КСУП “Дварэц-Агра” і КСУП “Белагурна”. Члены журы – старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Уладзімір Казак і старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч – ацанілі старанні канкурсантаў. Першае месца прысудзілі гаспадарам свята, камандзе КСУП “Дварэц-Агра”. Як адзначыў Уладзімір Казак, для таго, каб каравай выдаўся смачным, яго трэба гатаваць з добрым настроем, таму члены журы справядліва вырашылі для лепшага настрою астатніх канкурсантаў аддаць другое месца КСУП “Войневічы” і КСУП “Белагурна”. Караваі гэтых прадпрыемстваў былі таксама прыгожымі і румянымі, вызначыць лепшы з іх было складана. Прадстаўнікі кожнай з арганізацый-канкурсантаў атрымалі дыпломы і якасныя прызы.
Таксама ад раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса Уладзімір Казак павіншаваў прысутных са святам і лепшых працаўнікоў КСУП “Дварэц-Агра” ўзнагародзіў Падзячнымі лістамі.
Якое б свята не прыйшло ў наша жыццё, яго часта суправаджаюць кветкі. Таму наступны конкурс меў назву “Наш букет героям жніва”. Свае кветкавыя кампазіцыі прадставілі арганізацыі раёна, а ацэньвалі ўсю прыгажосць Галіна Чура, ганаровы старшыня раённага ГА “БСЖ”, і фларыст Ірына Антропава.
За актыўны ўдзел і крэатыўны падыход да справы дыплом атрымалі КСУП “Дварэц-Агра і КСУП “Белагурна”. Дыплом ІІІ ступені дастаўся работнікам Дзятлаўскай ЦРБ, дыплом ІІ ступені ўзяў Дварэцкі ільнозавод, і галоўным прызёрам у конкурсе кветак стаў КСУП “Войневічы”.
Усе ўдзельнікі, акрамя дыпломаў, атрымалі падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.
Свята адзначалася не толькі каля канцэртнай пляцоўкі. Увесь час гаспадары запрашалі на гасцінны падворак, дзе гасцей частавалі хлебабулачнымі вырабамі і чаем. Дзеці забаўляліся на атракцыёнах, працавалі палаткі з дэкаратыўна-прыкладнымі вырабамі.
Сучасны чалавек не заўсёды задумваетя пра сапраўдную цану хлеба. Яго лёгка купіць у магазіне ў рознай колькасці і любой якасці. Але за гэтым стаіць вялікая работа сотняў людзей, якія працуюць перш за ўсё ў полі.
Адной з важных падзей Свята хлеба ў Дварцы стала ўшанаванне і ўзнагароджанне герояў жніва – 2018. Гэту місію ўзяў на сябе дырэктар КСУП “Дварэц-Агра” Дзмітрый Каско.
Сярод камбайнёраў узнагароду за 3 месца ўзяў камбайнавы экіпаж Вечаслава Кастусіка і Яўгена Велічко. На другім месцы – Аляксандр Кастусік, а лідары сярод калегаў – Андрэй і Сяргей Ляўкевічы.
Паміж вадзіцелямі таксама былі ўмоўныя спаборніцтвы, па выніках чаго трыцім стаў Васіль Жых, другі – Дзмітрый Маліка, а першы – Мікалай Мікшут.
Узнагароды і словы падзякі на мерапрыемстве атрымалі 13 аператараў зернесушылак.
Кажуць, што не хлебам адзіным жывы чалавек. Як мала часам трэба жанчыне, каб пакарыць мужчынскае сэрца. Незвычайная прычоска – і мужчына ўжо можа звярнуць увагу. Арганізатары свята вырашылі праверыць, наколькі валодаюць мастацтвам прычосак дзяўчаты нашага раёна, і абвясцілі конкурс прычосак з выкарыстаннем сельскіх матываў.
Удзельніцы падрыхтаваліся загадзя і прадэманстравалі, як арыгінальна можна ўлажыць валасы. Прадстаўніца з КСУП “Белагурна” са сваёй прычоскай заняла 3 месца, дзяўчынкі ад КСУП “Дварэц-Агра” атрымалі дыплом за 2 месца, а ўдзельніца ад КСУП “Войневічы” была ўзнагароджана дыпломам за 1 месца. У валасах прыгажуні былі прыгожа ўплецены каласкі і чырвоныя кветкі.
Душа чалавека патрабуе хлеба і відовішчаў, таму конкурсная праграма Свята хлеба была насычанай. Наступный конкурс быў зноў для дзяўчат, і ім прапанавалі прабегчы на хуткасць дыстанцыю. Здаецца, нічога незвычайнага, і ніхто з гасцей не здагадваўся, што ўдзельніцам прыйдзецца бегчы ў вячэрніх сукенках. А якія ж вячэрнія сукенкі без прыгожых туфляў на абцасах? На шчасце дзяўчынак, ім дазволілі бегчы ў зручным абутку ці ўвогуле басанож. У такім гламурным марафоне перамагла Анастасія Цяцерына.
Раз закранулі спартыўную тэму, то і працягнулі гульні на мясцовым стадыёне. На футбольнае поле выйшлі айцы з сынамі, каб паспаборнічаць у мініматчы. У выніку кубак пераможцаў дастаўся камандзе дзяцей, якія праявілі сябе як больш спрытныя і валявыя да перамогі.
Свята хлеба ў Дварцы было насычаным і ў чарговы раз паказала, якія актыўныя і крэатыўныя жыхары нашага раёна.
Каб адпачывалася яшчэ весялей, для прысутных выступалі артысты Гродзенская філармоніі і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы».