У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава праводзіцца работа па папулярызацыі беларускай мовы.
Пры афармленні дзіцяці ў дашкольны цэнтр з бацькамі індывідуальна вядзецца гутарка аб тым, што яны маюць права выбраць мову навучання ў любой узроставай групе. Яны знаёмяцца з нарматыўнымі дакументамі па арганізацыі адукацыйнага працэсу на роднай мове, атрымліваюць інфармацыю на стэндах, сайце ўстановы, у час бацькоўскіх сходаў, анкетавання.
У 2017-2018 навучальным годзе па запытах бацькоў у старэйшай групе №11 адукацыя арганізоўвалася на беларускай мове.
Выхавальнікі, музычныя кіраўнікі, кіраўнікі фізічнага выхавання праводзілі заняткі на роднай мове. Яны імкнуліся стварыць максімальна спрыяльня умовы для развіцця ў выхаванцаў маўленчых навыкаў.
Выхавальнікі Алена Конан, Вольга Бойка нароўні з заняткамі ўключалі дзяцей у цікавыя і новыя формы зносін, ролевыя дыялогі, тэатральнае падарожжа па беларускіх казках, гульнявую праграму “Як мова гучыць?”, творчую гульню “Вокладка любімай кнігі”, віктарыну “Цацка чараўніца”, віртуальную экскурсію “Мая Беларусь”, тыдзень кнігі, паэтычна-музычны вечар “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, чыталі легенды, практыкавалі выпуск тэматычных фотаальбомаў.
Сярод выхаванцаў 5-6 гадоў быў праведзены конкурс на лепшае чытанне твораў беларускай мастацкай літаратуры і фальклору “Лепшы расказчык”.
На працягу года былі арганізаваны экскурсіі па горадзе, у раённую бібліятэку, гарадскі парк і да абеліска, краязнаўчы музей. Выхаванцы выступалі з народнымі мастацкімі нумарамі ў раённым Цэнтры культуры і Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Дзеці, якія наведвалі групу з беларускай мовай навучання, добра валодаюць асаблівасцямі граматычнага ладу роднай мовы, адказваюць на пытанні, разумеюць і называюць абагульняючыя словы, правільна ўжываюць формы ветлівасці, пераказваюць тэксты, складаюць сказы.
Вядома, дзеці часцей маюць зносіны з бацькамі дома і ў групе адзін з адным на рускай мове, але яны добра ведаюць, як цудоўна гучыць беларуская гаворка, якія займальныя беларускія гульні, якія меладычныя беларускія песні і вершы.
Ва ўстанове адукацыі пастаянна ўдасканальваюцца ўмовы для атрымання адукацыі на беларускай мове. Пры падрыхтоўцы да 2018-2019 навучальнага года ў сярэдніх і старэйшых групах аформлены сюжэтна-ролевыя гульні “Турыстычнае агенцтва”, “Рэдакцыя газеты “Перамога”, “Белпошта”, падабраны пазнавальныя прэзентацыі для выхаванцаў на тэмы: “Родная прырода”, “Экскурсія ў музеі”, “Тэатры Беларусі”, “Замкі Беларусі”, “Славутасці роднага горада”, “Мінск”, “Белавежская пушча”, распрацаваны гульнявы дыдактычны блок “Мая Беларусь” для выкарыстання на інтэрактыўнай дошцы.
Спадзяёмся, у гэтым навучальным годзе таксама будзе функцыянаваць група з беларускай мовай навучання.
Марына ЯНУШКЕВІЧ,
намеснік загадчыцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава