Збожжасушыльны комплекс у КСУП “Хвінявічы”

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У КСУП “Хвінявічы” намалочанае ў час жніва насенне алейнай культуры паступае на збожжасушыльныя комплексы КЗСВ-30 і М-819, якія дапрацоўваюць рапсавае насенне для яго далейшага якаснага захоўвання.

Комплекс уключае дзве збожжаачышчальныя машыны, дзве збожжасушылкі.

Як толькі на змену дажджам прыйшлі сонечныя дні – камбайнеры зноў выйшлі на палі.

Працоўны дзень у гаспадарцы КСУП “Хвінявічы” пачынаецца з самага рання: механізатары правяраюць падрыхтаванасць тэхнікі да чарговага дня жніва.

Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Навагран расказаў:

– Па стане на 23 ліпеня гаспадарка скончыла жніво рапсу. Насенне алейнай культуры абмалочана з плошчы 136 гектараў. Намалочана 137 тон рапсавага насення пры сярэдняй ураджайнасці 10 цэнтнераў з гектара. Акрамя гэтага, прыступілі да збору зерневых культур, першымі днямі пераважна ячменю. Сёлета гэтай збожжавай культурай было засеяна 280 гектараў зямлі. Намалочаны першыя 94 тоны, ураджай сабраны з тэрыторыі 63 гектары. Ураджайнасць складае 15 центнераў з гектара. Хуткімі тэмпамі з тэрыторыі 140 гектараў сабраны ўраджай пшаніцы. Усяго 289 тон зерня, ураджайнасць складае 20 цэнтнераў з гектара.

У сувязі з нестабільным надвор’ем у гаспадарцы аператыўна карэктуецца план уборкі. Уважліва сочаць за якасцю зерня, пастаянна правяраюць яго вільготнасць.

Маладая аграном-насеннявод КСУП “Хвінявічы” Ілона Вінцкевіч праводзіць замеры з дапамогай спецыяльнага прыбора – электроннага замяральніка вільгаці.

– Да жніва можна прыступаць тады, калі спадзе раса, і вільготнасць рапсавага насення, а таксама збожжавага зерня дасягне аптымальных паказчыкаў, – расказвае Ілона. – Дапушчальны паказчык вільгаці любой зерневай культуры –  18%. Але рэжымы, у якіх праводзяцца вымярэнні, некалькі адрозніваюцца, і ў кожнай зерневай культуры яны свае. На экране прыбора неабходна выбраць адпаведную – толькі тады паказанні будуць дакладныя.

З самай раніцы і да позняга вечара на жніве працуюць камбайны КЗС-10К, Ліда-1300 і каманда вопытных камбайнераў – Георгій Шэўка, Анатоль Лаўнік, Іван Ташлыкоў, Мікалаю Жынко, Аляксей Варабей, Іван Пракапчук, Анатоль Марук. Для Івана Ташлыкова, напрыклад, гэта ўжо дванаццатая ўборачная кампанія, а Георгій Шэўка і Анатоль Лаўнік на камбайне на працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці. Побач з такімі вопытнымі механізатарамі прыемна працаваць моладзі – Івану Рамашэўскаму, Сяргею Гарнастаю, Дзмітрыю Радзюку, Валерыю Кашчыку, Івану Руткоўскаму, якія задзейнічаны на ўборачнай першыя гады. Насенне ад камбайнаў адвозяць МАЗ 555142 і ГАЗ-3507. Вадзіцелі Віталь Савашынскі і Аляксандр Рамашэўскі штодзень робяць некалькі рэйсаў па маршруце поле – зернесховішча.

Спачатку тэхніка па адвозцы ўраджаю адпраўляецца на вагавы пункт. Загадчыца склада Любоў Лагуцік фіксуе, колькі прывезена збожжа з палеткаў, і адпраўляе машыну на разгрузку. Далейшы лёс ураджаю – у руках аператараў.

Адным з важнейшых этапаў уборачнай кампаніі перад закладкай на захоўванне і перапрацоўку зерня з’яўляецца давядзенне яго да неабходных паказчыкаў, у першую чаргу, па вільготнасці, а таксама па чысціні. Апошнімі днямі, калі ў сувязі з капрызамі надвор’я ўборачная кампанія набірае максімальныя абароты, спецыялісты сельгасарганізацый пастаянна трымаюць на кантролі поўную гатоўнасць збожжасушыльных комплексаў, масавае паступленне збожжавага зерня чакаецца ў бліжэйшыя дні.

У КСУП “Хвінявічы” намалочаны ў час жніва ўраджай паступае на збожжасушыльныя комплексы М-819 і КЗСВ-30, якія дапрацоўваюць зерне каласавых культур для далейшага яго якаснага захоўвання. Комплекс уключае дзве збожжаачышчальныя машыны, дзве збожжасушылкі, вытворчасць якіх складае 35 тон для М-819 і 60 тон для КЗСВ-30, і збожжасховішча ўмяшчальнасцю 2500 тон зерня.

– З пачатку ўборачнай, па стане на 23 ліпеня, тут ужо перапрацавана 137 тон масланасення, 94 тоны ячменю, 289 тон пшаніцы, – дзеліцца загадчыца склада Любоў Лагуцік.

Галоўны энергетык КСУП “Хвінявічы” Дзмітрый Сіўко, які ў час жніва непасрэдна кіруе работай збожжасушыльнага комплексу КЗСВ-30, адзначае:

– Зараз зерне з поля паступае вельмі вільготнае, паказчык пры сушцы мы даводзім да 7% – рапс,  13-14% – зерневыя.

Усяго праз сушыльныя і ачышчальныя агрэгаты камплекса сёлета разлічваюць прапусціць больш за тысячу тон зерня.

Непасрэднае кіраванне ўсімі працэсамі ачысткі і сушкі збожжа, а таксама абслугоўванне комплексу здзяйсняюць аператары і слесары збожжасушыльнага комплексу – Дзмітрый Сіўко, Юрый Гізоўскі, Валянцін Трайнель, Сяргей Емяльянчык, Анатоль Стрыдзінскі. Працуюць яны пазменна. Аператары сочаць за ўсім, што адбываецца на розных этапах перапрацоўкі збожжа: загружаюць зерне ў шахты, кантралююць тэмпературу, вільготнасць і ступень ачышчанасці, сочаць за работай абсталявання.

Тэхнікай пажарнага прыкрыцця МТЗ-82 кіруе Іван Сцяпура і Віктар Глушкевіч.

Асаблівая ўвага кіраўніцтвам сельгасарганізацыі ўдзяляецца ахове працы на вытворчасці і супрацьпажарнай бяспецы. Для ўсіх задзейнічаных на вытворчасці працаўнікоў былі праведзены адпаведныя інструктажы, яны прайшлі навучанне і падрыхтоўку па пытаннях вытворчай бяспекі і аховы працы. На тэрыторыі збожжасушыльнага комплексу ўсталяваны пажарныя шчыты, тэхніка, якая працуюе на палях забяспечана сродкамі тушэння пажару, рэгулярна правяраецца стан тэхнікі.

Пачынаючы працу на палетках прыкладна з 10 гадзін раніцы, хлебаробы заканчваюць яе ў 22 гадзіны. На працягу дня камбайнераў чакаюць два перапынкі, арганізавана гарачае двухразовае харчаванне ў полі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *