Работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ пастаянна праводзяць праверку індывідуальных лічыльнікаў, якія ўстаноўлены ў дамах і кватэрах. Зімой праводзіцца абход кватэр шматпавярховак, ажыццяўляецца зверка прыбораў уліку вады, а летам – абход прыватных домаўладанняў. Чаму? Здагадацца няцяжка: летам рэзка ўзрастае спажыванне вады, бо трэба паліваць расліны на агародзе, у прыватных лазнях вады трэба шмат… І, як паказвае практыка, нашы падазрэнні, што некаторыя нячыстыя на руку грамадзяне крадуць ваду, спраўджваюцца.
Таму, нагадваем, што згодна з правіламі карыстання цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння, водаадвядзення ў населеных пунктах, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.09.2016 г. №788, вы можаце быць аштрафаваны ў выпадках:
п. 53.1 учынення па віне абанента пашкоджанняў прыбораў уліку вады, у тым ліку здыманняў або пашкоджанняў пломбаў у іх, а таксама любых дзеянняў, якія прывялі да скажэння паказанняў прыбораў уліку, уключаючы ўздзеянне на прыбор уліку знешнім магнітным полем, пашкоджанне асобных дэталяў прыбора ўліку;
п. 53.2 невыканання абанентам прадпісання арганізацыі водна-каналізацыйнай гаспадаркі па ўтрыманні вузла ўліку і (або) устаноўцы прыбораў уліку ў названы ў прадпісанні тэрмін;
п. 53.3 зняцця або пашкоджання абанентам пломбаў на засаўках абводных трубаправодаў, гідрантах або пажарных кранах, рэзервовых або пажарных уводах, пашкоджання засавак на абводных трубаправодах;
п. 53.4 невыканання абанентам, спажыўцом прадпісанняў арганізацыі водна-каналізацыйнай гаспадаркі ва ўстаноўлены ёю тэрмін па ліквідацыі ўцечак вады на сетках, збудаваннях і прыладах абанента, спажыўца, а таксама па ліквідацыі некантралюемых сцёкаў у сістэму цэнтралізаванага водаадвядзення (каналізацыі) у межах эксплуатацыйнай адказнасці абанента, спажыўца;
п. 53.5 падключэння абанентам, спажыўцом шлангаў для паліву прысядзібных участкаў ці іншых мэтаў да вулічнага водаразбора, водаправода да прыбора ўліку;
п. 53.6 адмовы абанента ў доступе прадстаўнікоў арганізацыі водна-каналізацыйнай гаспадаркі да водагаспадарчых сетак, збудаванняў і прыладаў, у тым ліку да вузлоў уліку, а таксама да кантрольных калодзежаў для адбору сцёкавых водаў.
Адміністрацыя Дзятлаўскага РУП ЖКГ