23 ліпеня ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці была арганізавана сустрэча на тэму шкоды наркотыкаў, якая ўвайшла ў цыкл мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду антынаркатычнага ладу жыцця сярод дзяцей і моладзі.
Галоўная мэта сустрэчы – прапанаваць падлеткам альтэрнатыву шкодным звычкам шляхам прапаганды здаровага ладу жыцця.
Арганізатары – работнікі Цэнтра культуры – запрасілі дзяцей, якія адпачываюць у школьных аздараўленчых летніках, а таксама ўсіх жадаючых на мерапрыемства пад назвай “Скажы “стоп” наркотыкам”. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні: што такое наркотыкі і як яны ўплываюць на здароўе чалавека, механізм узнікнення наркатычнай залежнасці, партрэт наркамана, фарміраванне навыкаў адмаўлення ад наркотыкаў.
З прапановай вясёлага адпачынку без шкодных звычак выступілі юныя артысты тэатра мыльных бурбалак “Bright bubles” і прапанавалі паўдзельнічаць у дзіцяча-забаўляльнай праграме “Забаўны кавардак”.
У напамін аб сустрэчы ўдзельнікі атрымалі памяткі і інфармацыйныя буклеты з серыі “Скажы “стоп” наркотыкам”.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ