У рамках абласнога марафона актыўнага адпачынку “Лета дзень за днём” і старту піяр-акцыі “Моладзь Дзятлаўшчыны – малой радзіме” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава прайшла сустрэча лідараў, удзел у якой прымалі навучэнцы старэйшых класаў гарадскіх школ і Наваельнянскай сярэдняй школы.
У якасці эксперта на мерапрыемства была запрошана першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
Арганізатар сустрэчы метадыст Цэнтра творчасці Ірына Мішчанка прапанавала правесці школу лідараў у фармаце мазгавога штурму “Логін – “ліпень”, пароль – “Дзятлаўшчына” і выявіць сярод удзельнікаў “зорачак”, здольных уласным прыкладам і ідэямі захапіць іншых людзей.
Пасля кароткай гульні-вітання “Касмічнае падарожжа”, якая дапамагла моладзі згуртавацца, на імправізаваную сцэну запрасілі навучэнцаў Наваельнянскай сярэдняй школы. Яны сёлета абаранялі раённы праект “Моладзь Дзятлаўшчыны – малой радзіме” і прадстаўлялі клуб “Лідар” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава ў лагеры “Зубраня”, за што былі адзначаны дыпломам за актыўны ўдзел. Наваельнянцы яшчэ раз прадставілі раённы праект, распрацаваны ў выглядзе пазлаў, які ўключаў некалькі інфармацыйных блокаў: турысцка-экскурсійны ланг-моб “Я люблю Дзятлаўшчыну”; добраахвотнае агенцтва “Валанцёры Дзятлаўшчыны”; ART-праект “Мы – дзятлаўчане”.
Затым прысутныя раздзяліліся на дзве каманды: “Лідары” і “Даследчыкі”. Спачатку кожная з каманд падзялілася сваім настроем праз калектыўны малюнак “Настрой ідэй”, а пасля паспяшалася зрабіць насценгазету “Нашы планы на будучыню”. Калі каманды абаранялі свае насценгазеты, высветлілася, што і ў “Лідараў”, і ў “Даследчыкаў” планы супадаюць: яны збіраюцца сваёй вучобай і карыснымі справамі ўносіць уклад у развіццё малой радзімы і краіны ў цэлым.
Па назіраннях у час гульні журы вызначыла сярод удзельнікаў каманд лідараў-арганізатараў, выканаўцаў, натхняльнікаў, простых гледачоў. Навучэнцам пажадалі развіваць і ўдасканальваць арганізатарскія і лідарскія якасці, дасягаць новых творчых поспехаў. Завяршыла сустрэчу фотасесія “Новае пакаленне”.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Крэатыўная моладзь
Рейтинг комментария:00