Людміла Юрава – майстрыха і цікавы чалавек

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Пра Людмілу Юраву нам расказала жыхарка аграгарадка Гезгалы Вера Хрышчановіч. Маўляў, ужо некалькі гадоў жыве на гезгалаўскай зямлі працавіты чалавек з залатымі рукамі, што жанчына гэта не мясцовая, а значыць, можа шмат цікавага расказаць пра свой лёс і захапленні.

З балкона ці з вітальні?

Наша машына спыняецца каля пад’езда аднаго з жылых дамоў аграгарадка Гезгалы. Увагу прыцягвае балкон на першым паверсе: цікаўнымі вочкамі з яго выглядваюць стракатыя пятунні, грацыёзна цвітуць прыгажуні-герані, жывым дахам над балконам навісае вінаград з вялікай колькасцю яшчэ не паспелых гронак. Сярод гэтай шчодрай прыгажосці сядзяць дзве жанчыны. Звяртаюся да старэйшай з іх: “Можа, вы будзеце Людміла Якаўлеўна Юрава?” – жанчына ківае ў адказ і запрашае праходзіць.

Калі адчыняюцца дзверы кватэры, перад маімі вачамі паўстае невялікая, але ўтульная вітальня, аздобленая вырабамі ручной работы. Тут жа ўспамінаецца выраз “тэатр пачынаецца з вешалкі”. А вось мне цяжка вырашыць, з чаго пачаць апісанне кватэры Людмілы Якаўлеўны: дапоўніць аповед пра балкон ці расказаць пра вітальню, дзе наведвальнікаў “сустракае” яркая калекцыя тапачак, звязаная з рознакаляровых шматкоў тканіны. Безумоўна, гаспадыня клапоціцца аб сваіх гасцях, і дзверы кватэры для іх заўжды адчынены. А за парогам нібыта пачынаецца краіна кветак і фантазій: архідэі розных колераў і сартоў з фоамірану, бутаньеркі і вазоны з ружамі, рамонкамі, гладыёлусамі, сланечнікамі, макамі. Вырабы з папяровай лазы, пластыку, тканіны, лёну, нітак – якія толькі матэрыялы не ператвараюцца ў хатнія рэчы ў працавітых руках Людмілы Юравай. Хаця гаспадыня не мае спецыяльнай адукацыі, па натуры яна адначасова – майстар, мастак, дызайнер і творчы чалавек, які і дня не можа пражыць без стваральнай працы. Майстрыха пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй, асвойвае розныя тэхнікі і спяшаецца ўвасобіць задумкі ў жыццё. У вітальні, напрыклад, стаіць канапа (ніколі не здагадаецеся) – з пластыкавых бутэлек. З гэтага ж матэрыялу ў гасцёўні – свяцільня. А зусім нядаўна Людміла Якаўлеўна скончыла работу над кухонным наборам для сыпучых прадуктаў. Любуюся ім і адзначаю, што атрымалася ярка і арыгінальна. Наогул, аздоба невялікай кухні кідаецца ў вочы: усё тыя ж самаробныя кветкі “засялілі” падаконнік і сцены, “павіліся” па халадзільніку, але бадай самая арыгінальная работа майстрыхі, якая тут знаходзіцца, – плеценая выцяжка. Людміле Якаўлеўне падабаецца плесці з папяровай лазы. Самыя значныя рэчы, выкананыя ў гэтай тэхніцы, – дэкаратыўны столік і таршэр.

На сценах кватэры шмат карцін, вышытых крыжыкам, гладдзю і ў 3D-фармаце – з шаўковых стужак і фаомерану.

Асобная калекцыя майстрыхі, на якой таксама варта спыніцца, – гэта жаночыя ўпрыгажэнні з нітак, бісеру і бусін. Мяркую, у ёй некалькі дзясяткаў экспанатаў, любы з якіх можа стаць жаданым падарункам для жанчыны, якая ўмее падбіраць модныя аксэсуары. Дарэчы, Людміла Юрава прызнаецца, што большасць сваіх работ яна падарыла, “разляцеліся” падарункі па розных кутках постсавецкай прасторы, а некаторыя нават трапілі ў Еўрасаюз, бо ў Германіі жывуць дзве дачкі гезгалаўскай майстрыхі.

 

Мой адрас – Савецкі Саюз

Людміла Якаўлеўна расказвае, што па нацыянальнасці яна напалову руская, напалову ўкраінка, а нарадзілася ў Какпекцінскім раёне Усходняга Казахстана, у сяле Іванаўка (з 1999 года – Какжайык). У хуткім часе бацькі пераехалі ў сяло імя Хрушчова, пад Цалінагорск – тады шмат савецкай моладзі ехала паднімаць цаліну. Наступным быў пераезд у Кемерава. І толькі ў закрытым горадзе Усць-Каменагорску – цэнтры каляровай металургіі Казахстана – сям’я затрымалася больш чым на 30 гадоў.

– Прыгожыя там былі мясціны, – узгадвае Людміла Якаўлеўна, – нездарма іх называюць “маленькай Швейцарыяй”. Там у магутную раку Іртыш упадае Ульба, ёсць горы і азёры. Праўда, з-за вялікай колькасці прамысловых прадпрыемстваў клімат у горадзе неспрыяльны: мясцовыя жартавалі, што ў паветры знаходзіцца ўся табліца Мендзялеева. Зусім не далёка – знакаміты Байканур, адкуль у космас стартуюць ракеты.

У такіх мясцінах прайшла значная частка майго жыцця, вельмі цікавым яно было. Ужывую бачыла многіх артыстаў, сама таксама марыла паступаць на артыстку ў Омскае вучылішча, але маці не пусціла. А працаваць я пачала рана на мэблевай фабрыцы, цяжка было, і здароўе хутка сапсавалася. Але я ніколі не скардзілася і не сумавала, была актыўнай і часта ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, пазней ладзіла касцюмаваныя прадстаўленні на ўсіх сямейных святах. Родныя і сябры памятаюць мяне ў характарнай ролі Бабы Ягі, за якую я атрымала некалькі прызоў, у тым ліку і галоўны. Пераапранулася так, што ніхто не мог мяне пазнаць, а выступіла – уся фабрыка за жываты трымалася. Таксама часта выконвала ролю Цыганкі, бо ўмею танцаваць цыганскія танцы, не раз была Дзедам Марозам.

У 18 гадоў у Усць-Каменагорску Людміла выйшла замуж за Фёдара Юрава, працавітага спакойнага чалавека, з якім пражылі душа ў душу 48 гадоў, выгадавалі трох дачок.

У пошуках месца пад сонцам

У 1992 годзе ў Казахстане пачаліся ганенні на рускіх і немцаў. Юравым давялося прадаць кватэру ў горадзе і вярнуцца ў сяло. Але і там “пратрымаліся” толькі пяць гадоў. Жылі пераважна за кошт сваёй гаспадаркі. Людміла Якаўлеўна ўспамінае, як муж пайшоў на работу, а яна за гэты час набыла 30 парасят, ён вярнуўся, а дома свой свінакомплекс. Таксама трымалі дзвюх кароў, тры сотні птушак, 150 трусоў, апрацоўвалі 40 сотак зямлі. Амаль усе стравы гатавалі самі, нават цукеркі, Людміла Юрава – адметная паварыха. Яна і цяпер можа прыгатаваць смачны бішбармак, лагман, спячы некалькі розных тартоў, зрабіць шакаладную каўбасу і казінакі.

Тым не менш, у ліхія дзевяностыя сямейнай ідыліі ў Казахстане ў Юравых не атрымалася. На той час дзве дачкі Людмілы (Марына і Яўгенія) выйшлі замуж за мясцовых немцаў. З-за ганенняў іх сем’і падаліся ў Германію. Месца пад сонцам пачалі шукаць і Юравы, бо ім ужо перакрылі цэнтральную ваду, стала складана спраўляцца з вялікай гаспадаркай і агародам.

– Тады муж паехаў на заробкі ў Расію, працаваў па 12 гадзін, “зарабіў” інсульт. Пазней мы пераехалі ў Самару. Там нам прадалі гаспадарчае памяшканне, якое наша сям’я дабудавала і ператварыла ў жылы дом. Пяць гадоў жыла я ў Самары на беразе Волгі і кожны дзень плакала. Сама не ведаю, чаму душа не ляжала да тых мясцін. А ў 2002 годзе нашыя знаёмыя дамовіліся наконт работы ў Беларусі, і ў 2003 годзе мы з мужам прадалі дом і пераехалі ў Беліцу, дзе наймалі кватэру. У пошуках жылля, якое можна было б набыць, я аб’ездзіла ўвесь Лідскі раён, а знайшла кватэру тут, у аграгарадку Гезгалы. Спадабалася кампактнасць застройкі: здаецца, і дамоў шмат, а хутка можна дайсці з аднаго краю Гезгалаў на другі. Ды і мясціны тут маляўнічыя: растуць высокія сосны, побач вадасховішча, лес, дзе шмат грыбоў і ягад.

Вось так мы і перасяліліся на Дзятлаўшчыну, аб чым ніколі не пашкадавалі. Цяпер у аграгарадку жывём мы са старэйшай дачкой Вольгай, тут пахаваны мой муж.

Нягледзячы на тое, што жыццё разлучыла Людмілу Юраву з яе сяброўкамі і раскідала іх па ўсёй постсавецкай прасторы, яна не страціла сувязі з імі і перапісваецца праз Інтэрнэт. Адшукаць родных мужа дапамагла праграма “Чакай мяне”. Аказалася, што блізкія людзі жывуць у Мінску, Слуцку, Мар’інай Горцы і ўжо прыязджалі ў госці. Беларусь стала блізкім сэрцу куточкам для Людмілы Якаўлеўны, хаця яна неаднаразова бывала ў дочак у Германіі. Людміла Юрава любіць і цэніць жыццё, лічыць, што пражыла яго цікава і шчасліва, бо Гасподзь не абдзяліў талентам яе і дачок, падарыў унукаў. Іншым людзям яна таксама жадае быць шчаслівымі і дадае, што шчасцю спрыяе цікавае захапленне і стваральная праца.

Ірына КАЎКЕЛЬ

 



2 комментария по теме “Людміла Юрава – майстрыха і цікавы чалавек

  1. Очень тронута судьбой нормальных советских людей..Родителям досталась война,а нам-распад СССР и не понятная какая неразбериха-ни в политике,ни в жизни….Поставили границы,поделили нас,даже на Родине,мы,нынче,иностранцы.Обидно.Кому-то двойной паспорт поперёк горла….Граждане республики,где живём,а почему нам не дать возможность приехать домой,к родным-нормальным человеком.Чужой-среди своих….Никто об этом и не собирается думать.Отказывайся от своего,здешнего гражданства,а бери там,где нравится.Считаю-это не выход….Это моральное унижение человека. Я сама с Сибири,живу здесь с 1974 года,так приросла,что кажется,что я здесь родилась..До того люблю Беларусь..Человек счастлив там,где он счастлив..Считаю.что лучшего места нет на Земле! Но и дома,у родных,на своей Земле хочу чувствовать себя,как дома.в случае болезни,да мало,что может приключиться в жизни,чтоб не решать вопросы через МИД.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *