Гранітаўцам на жніве дапамагаюць студатрадаўцы

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Працоўны семестр-2018 прадаўжаецца. Гаспадаркі нашага раёна актыўна ўбіраюць зерневыя культуры. Па добрай традыцыі ім на жніве дапамагаюць студэнцкія атрады. Каб больш даведацца пра абавязкі і настрой маладых работнікаў, мы наведаліся на зернясклад у Круцілавічы.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка расказала, што гаспадарка ўжо чацвёрты год запар прымае як мінімум трыццаць студатрадаўцаў, якія дапамагаюць аграрыям у час жніва. Не стаў выключэннем і сёлетні год: з 23 ліпеня ў “Граніт-Агра” зноў працуе моладзь. Аднак на гэты раз у гаспадарцы паралельна функцыянуюць два студэнцкія атрады: 30 чалавек задзейнічана на жніве, яшчэ 9 студатрадаўцаў – на праполцы цукровых буракоў.

Уборачную кампанію тут плануюць завяршыць да трэцяга квартала ліпеня, а гэта значыць, што наперадзе ў маладых памочнікаў камбайнераў, вагавікоў і тых, хто працуе на сушцы зерня, яшчэ шмат рабочых дзён.

Калі ў полі многае залежць ад капрызаў надвор’я, то на зернескладах у Круцілавічах і Таркачах работа студатрадаўцаў кіпіць пастаянна. Імі тут задаволены, маўляў, стараюцца хлопцы і дзяўчаты, не прагульваюць, свой працоўны сямігадзінны дзень вытрымліваюць годна. Магчыма, добрым стымулам для маладых работнікаў з’яўляецца дастойная заработная плата. Дарэчы, многія з іх уладкоўваюцца ў студатрад другі год запар. Работа тут пасільная і вольны час арганізаваны цікава. На зернесклады і ў поле з канцэртамі наведваюцца работнікі мясцовага дома культуры, гаспадарка запланавала некалькі экскурсій, сярод якіх – паездка на мехмайстэрні ў Круцілавічы і на малочнатаварны комплекс у Таркачы. Магчыма, для каго-небудзь падобныя мерапрыемствы паўплываюць на далейшы выбар прафесіі. Кацярына Дубешка зазначае, што прафесійнай арыентацыі моладзі ў ААТ “Граніт-Агра” надаюць вялікае значэнне. Нездарма сярод маладых спецыялістаў шмат ураджэнцаў гэтай мясцовасці. Напрыклад, у гаспадарцы паспяхова працуюць галоўны заатэхнік, ён жа старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Яўген Дворык, галоўны аграном Антон Тарасевіч, галоўны інжынер Андрэй Падліпскі, аграном-аграхімік Алена Піваварчык. Сёлетнія выпускнікі таксама бралі ў гаспадарцы мэтавыя накіраванні ў навучальныя ўстановы.

Прадаўжаем гутарыць, але ўжо са студатрадаўцамі. Уражаннямі ад работы дзеліцца выпускнік Наваельнянскай сярэдняй школы Сяргей Баковіч:

– У студатрадзе на жніве працую другі год запар. Мне падабаецца: тут весела і шмат сяброў. Разам мы ўносім свой уклад у агульныя дасягненні гаспадаркі, ды і грошы для сябе зарабляем. Летась, напрыклад, за свой заробак я змог абнавіць камплектуючыя да камп’ютара. Сёлета грошы таксама будуць дарэчы, бо паступаю ў Мінск, значыць, неабходна падрыхтавацца да вучобы і жыцця ў вялікім горадзе. Летнюю занятасць лічу карыснай тым, што пачынаеш разумець, як гэта – самому зарабляць грошы, прывыкаеш да строгага графіка, становішся адказным, пазнаеш цану “свайго хлеба”.

Звяртаюся таксама да Лізаветы Русінай, якая згодна падзяліцца меркаваннямі наконт студатрадаўскага руху.

– Сёлета ўпершыню ўладкавалася ў студатрад, аб чым не шкадую. Я навучэнка сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, а тут летам адпачываю ў дзядулі. Ад мясцовых сяброў даведалася, што можна папрацаваць у гаспадарцы. Работа ў атрадзе здаецца мне пасільнай: найчасцей даводзіцца падмятаць на зерняскладзе. Іншым навучэнцам на час канікулаў таксама параіла б знайсці для сябе карысны занятак, бо ўвесь час прасядзець дома – сумна. А тут ёсць магчымасць зарабіць кішэнныя грошы і сур’ёзна папрацаваць, як гэта робяць нашы бацькі.

Невялікі перапынак канчаецца, і студатрадаўцы зноў бяруцца за венікі і шуфлі, ідуць сушыць зерне.

Ірына КАЎКЕЛЬ

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *