26 чэрвеня ў нашай рэспубліцы прафесійнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры.
Аб працоўных буднях і задачах ахоўнікаў закона карэспандэнтка газеты “Перамога” пагутарыла з намеснікам пракурора Аляксандрам Юркевічам.
– Аляксандр Паўлавіч, якім для пракуратуры раёна было першае паўгоддзе 2018 года?
– Працуем згодна з планам, пастаўленыя задачы выконваем у поўным аб’ёме. З пачатку года правялі 28 агульнанаглядных мерапрыемстваў з унясеннем 43 актаў пракурорскага рэагавання, падтрымана абвінавачванне па 35 крымінальных справах, апратэставаны 3 прыгаворы, дадзены заключэнні па 35 грамадзянскіх справах. Таксама вырашана 20 зваротаў грамадзян і юрыдычных асобаў. Найчасцей у пракуратуру раёна звярталіся па пытаннях адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства, органаў дазнання і следства.
– Якім накірункам у рабоце надаяце больш увагі?
– Пад асаблівым кантролем у першым паўгоддзі была арганізацыя наглядных праверак за вядзеннм вяснова-палявых работ. У прыватнасці, правяралі захаванасць сельгастэхнікі, ход пасяўной кампаніі. Сачылі таксама за падрыхтоўкай да купальнага сезону, арганізацыяй летнікаў, занятасцю школьнікаў у час канікулаў.
– Што дапамагае паспяхова працаваць і дасягаць пастаўленых задач?
– У нашым калектыве працуюць вопытныя работнікі са стажам больш за 10 гадоў. Работа ажыццяўляецца на прынцыпах раўназначнай інтэнсіўнасці, узаемадапамогі, узаемазамяняльнасці. Дзякуючы зладжанаму калектыву, у складзе якога тры аператыўныя і тры тэхнічныя работнікі, удаецца вынікова вырашаць любыя задачы.
– На што цяпер скіравана ўвага пракуратуры раёна і якія планы на другое паўгоддзе?
– Уважліва сочым за падрыхтоўкай да жніва, нарыхтоўкай кармоў, захаваннем матэрыяльнай базы сельскагаспадарчага комплексу раёна. Шмат увагі надаём такім актуальным пытанням, як выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі Дырэктываў №1 і №3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, гэта значыць, захаванню працоўнай і выканаўчай дысцыпліны, а таксама карупцыйным злачынствам, прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх і моладзі.
Пералічаныя пытанні, прафілактыку правапарушэнняў, выкананне зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства, нагляд за следствам і дазнаннем пастаянна трымаем на кантролі, таксама будзем выконваць патрабаванні плану работы, які распрацоўваецца на паўгоддзе.
– Чаго пажадаеце калегам і былым работнікам да прафесійнага свята?
– Далейшых поспехаў у рабоце, дасягнення пастаўленых задач, прафесіяналізму, моцнага здароўя, бадзёрасці, аптымізму, святочнага настрою, дабрабыту і ладу ў сем’ях.
Ірына СТЫРНІК