ВУ “Слонімгаз” Дзятлаўскі раён газазабеспячэння заклікае выконваць меры бяспекі пры карыстанні газам у быце

Здарэнні і бяспека

Паважаныя спажыўцы прыроднага і звадкаванага газу, ВУ “Слонімгаз” Дзятлаўскі раён газазабеспячэння папярэджвае аб небяспецы, якая ўзнікае ў выпадку парушэння эксплуатацыі газавыкарыстальнага абсталявання і заклікае паклапаціцца аб сваёй бяспецы, а таксама праявіць разуменне да работнікаў газавай службы.

Для бяспечнай эксплуатацыі газавыя пліты, газавыя калонкі і катлы павінны ўтрымлівацца ў спраўным стане. Асаблівую пагрозу жыццю і здароўю грамадзян нясе эксплуатацыя не абслужаных газавых калонак і газавых катлоў. Газавыкарыстальнае абсталяванне павінна падвяргацца штогадоваму тэхнічнаму абслугоўванню кваліфікаванымі спецыялістамі газазабяспечвальнай арганізацыі або іншымі арганізацыямі, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія маюць у прадугледжаным заканадаўствам выпадку спецыяльны дазвол (ліцэнзію). Газавыя прыборы, якія не прайшлі тэхнічнае абслугоўванне, у выпадку выяўлення падлягаюць адключэнню ад сістэмы газазабеспячэння.

Найбольш часта насельніцтва звяртаецца з пытаннем: а ці дапускаецца эксплуатацыя газавыкарыстальнага абсталявання з тэрмінам эксплуатацыі больш за 20 гадоў? У адпаведнасці з патрабаваннем п. 11.11 Правілаў карыстання газам у быце, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.11.2007 г. №1539, спажывец газу абавязаны пасля заканчэння нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі газавыкарыстальнага абсталявання, названага ў інструкцыі па эксплуатацыі газавыкарыстальнага абсталявання (але не больш за 20 гадоў), зрабіць яго замену.

Неабходна памятаць, што вентыляцыйныя каналы і дымаходы для адводу прадуктаў згарання павінны рэгулярна правярацца на адпаведнасць і спраўнасць спецыялізаванымі арганізацыямі з выдачай адпаведных актаў:

для ацяпляльнага газавага абсталявання незалежна ад матэрыялу, з якога яны выраблены, – перад ацяпляльным сезонам;

для праточных газавых воданагравальнікаў у залежнасці ад матэрыялу, з якога яны выраблены:

— цагляныя – не радзей аднаго разу ў квартал;

— азбестацементныя, ганчарныя, стальныя, а таксама зробленыя са спецыяльных блокаў гарачаўстойлівага бетону – не радзей аднаго разу ў год.

Пры адсутнасці актаў праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў ва ўласнікаў жылых дамоў (або адсутнасці запісаў у журнале ўліку вынікаў паўторнай праверкі і прачысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў навучанымі грамадзянамі) праводзіцца адключэнне ацяпляльнага і воданагравальнага газавага абсталявання ад сістэмы газазабеспячэння.

Трэба ведаць, што не дапускаюцца да карыстання газавымі плітамі дзеці да 12 гадоў, іншым газакарыстальным абсталяваннем – дзеці да 14 гадоў, недзеяздольныя асобы, прызнаныя такімі ва ўстаноўленым парадку, асобы, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, а таксама асобы, якія не прайшлі інструктаж і не ведаюць правілаў бяспечнага карыстання гэтым абсталяваннем. Пры з’яўленні ў памяшканні паху газу трэба неадкладна спыніць карыстанне газакарыстальным абсталяваннем (перакрыць краны, якія знаходзяцца перад газакарыстальным абсталяваннем і на ім), адчыніць вокны для праветрывання памяшкання, неадкладна паведаміць у спецыялізаванае падраздзяленне газазабяспечвальнай арганізацыі па тэлефоне 104. Пры гэтым у памяшканні забараняецца карыстацца адкрытым агнём, электразванкамі, курыць, уключаць і выключаць электраасвятленне і электрапрыборы. Неабходна таксама вывесці з загазаванага памяшкання людзей і хатніх жывёл.

Самавольнае падключэнне, адключэнне газавыкарыстальнага абсталявання і яго перастаноўка з ужываннем зваркі, а таксама перападключэнне на далучальных гнуткі шланг, разборка гэтага абсталявання і яго рамонт, умешванне ў работу індывідуальных прыбораў уліку расходу газу з’яўляецца грубым парушэннем Правілаў карыстання газам у быце і ўяўляе смяротную небяспеку.

Нагадваем, што згодна з артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб газазабеспячэнні” газазабяспечвальная арганізацыя мае права спыніць забеспячэнне газам спажыўца газу ў выпадку парушэння ім “Правілаў карыстання газам у быце”, а на падставе артыкула 20.9 КоАП Рэспублікі Беларусь за парушэнне патрабаванняў Правілаў карыстання газам у быце прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічыняў.

БЕРАЖЫЦЕ СЯБЕ І СВАІХ БЛІЗКІХ! ПРЫ ПАХУ ГАЗУ ЗВАНІЦЕ 104.

Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння

Стоит почитать:

Дятловский сыродельный завод — лауреат премии облисполкома за достижения в области качества

Цяпло і святло бацькоўскага ачага

Яны першымі пасадзілі “другі беларускі хлеб”

Вадзіцелі, у Дзятлаве ўсталявалі датчык кантролю хуткасці



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *