Напярэдадні вялікіх святаў – 520-годдзя нашага горада і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Родныя мясціны на палотнах» мастака і нашага земляка Анатоля Кардаша.
На сваіх карцінах аўтар адлюстраваў свае па-сапраўднаму родныя мясціны –каларытныя месцы гарадскога пасёлка Наваельня, дзе ён нарадзіўся, вуліцы Дзятлава.
Па адукацыі, як аказалася, Анатоль Кардаш юрыст, аднак цяга да творчасці літаральна прымусіла яго ўзяць у рукі пэндзаль.
Ён перакананы, што на Дзятлаўскай зямлі шмат прыгожых месцаў, і гэтую прыгажосць трэба заўважаць. Мастаку захацелася ўсё, што радавала вока, перанесці на палотны. Гарлачыкі на балоце, дзьмухаўцы ў поле – усяму гэтаму Анатоль Кардаш даў доўгае «жыццё» пры дапамозе масляных фарбаў.
Майстар пэндзля распавёў, што пісаць маслам пачаў яшчэ ў 1989 годзе проста таму, што ўзнікла такое жаданне:
– Купіў неабходныя матэрыялы і дома напісаў рэчку Маўчадку. Убачыў, што атрымалася, і пасля гэтага стаў больш надаваць увагі свайму новаму захапленню.
Акружэнне Анатоля Кардаша называе яго стыль «беларускім імпрэсіянізмам», таму што аўтар праз работы перадае свае ўражанні. Такія работы выконваюцца ў хуткім тэмпе, таму што немагчыма доўга пісаць, напрыклад, світанак ці заход: гэтыя з’явы літаральна імгненныя, і трэба паспець іх перанесці на палотны, бо кожную хвіліну мяняецца атмасфера, паветра, прыродныя колеры.
Усяго ў аўтара каля 300 работ, і многія з іх знаходзяцца ў Расіі, ЗША, Прыбалтыцы, Італіі і іншых краінах. Нешта з палотнаў прададзена, нешта падорана блізкім. Нягледзячы на тое, што мастак шмат падарожнічаў і бачыў досыць разнастайных і па-свойму прыгожых месцаў, родная Дзятлаўшчына застаецца для яго самай яркай і каханай.
– Любіце свой дом, сваю радзіму, родныя мясціны. Наша зеляніна, прырода непаўторныя, шануйце гэта, – пажадаў аўтар наведвальнікам выставы.
Выстава «беларускага імпрэсіяніста» будзе дзейнічаць у Дзятлаўскім музеі яшчэ да верасня, таму ў кожнага ёсць магчымасць акунуцца ў атмасферу родных месцаў на палотнах.
Юлія БАКУНОВІЧ
Читайте также:
Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Гарады (частка 1)
Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Валейбол (Частка1)
Очень красивые картины. Надо будет обязательно сходить на выставку.
Рейтинг комментария:00