У нашым раёне жыве нямала людзей, якія маюць патрэбу ў клопаце і падтрымцы. На дапамогу ім прыходзяць добраахвотнікі, гатовыя ахвяраваць на гэта свае сілы і час, нічога не патрабуючы ўзамен.
У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава дзейнічае валанцёрскі атрад “Цяпло душы». Яго ўдзельнікі – хлопчыкі і дзяўчынкі, навучэнцы 5-11 класаў, якія ганарацца сваімі землякамі, памятаюць пра іх працоўныя і ваенныя подзвігі.
“Цяпло душы» з задавальненнем удзельнічае ў акцыі ”З душой да ветэрана”. У вольны ад урокаў час валанцёры спяшаюцца на сустрэчу да тых, хто чакае іх дапамогі. Удзельнікі і інваліды Вялікай Айчыннай вайны рады такім гасцям. Многіх валанцёры добра ведаюць, таму што падобныя акцыі ў школе праходзяць рэгулярна. Пачынаючы з восені, добраахвотнікі дапамагаюць на агародах, зграбаюць лісце, прыбіраюць у хатах падшэфных, робяць многае іншае. Пасля аказання дапамогі часта ладзяцца душэўныя чаяванні, бо сталыя людзі цэняць кожную хвіліну стасункаў з падрастаючым пакаленнем. У цёплай абстаноўцы дзеці слухаюць аповеды ветэранаў пра вайсковыя падзеі і франтавыя будні, разам спяваюць песні ваеннага часу.
Людзі, якія перажылі страшныя гады вайны, вельмі ўдзячныя добраахвотнікам і рады кожнай сустрэчы. А валанцёры ў любую пару года імкнуцца аказаць дапамогу падшэфным, падтрымліваюць стасункі з імі, каб ветэраны вайны і працы адчувалі, наколькі яны патрэбныя і важныя для выхавання маладога пакалення.
Напярэдадні святкавання 73-ай гадавіны Вялікай Перамогі навучэнцы з асаблівым пачуццём сустрэліся з відавочцамі тых страшных падзей.
Валанцёры навялі парадак на прысядзібных участках Надзеі Абрамчык, Ніны Буйко, Віктара Міклаша, павіншавалі са святамі Яўгенію Савань, Ядзвігу Кійко, вывезлі смецце з падворка былога настаўніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Валуевіча.
На гэтым работа валанцёраў не заканчваецца. Віншаванні са святамі, сустрэчы, збор успамінаў, аказанне пасільнай дапамогі – невялікая частка таго, што юнае пакаленне можа зрабіць для тых, хто падарыў нам мірнае жыццё і сваёй стваральнай працай будаваў будучыню.
Наталля КРЫВУЛЬКА,
навучэнка сярэдняй школы №1 горада Дзятлава
Стоит почитать: