Дзень Войневіцкага сельскага савета

Падзеі

Прайшло мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Войневіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета”. У сустрэчы прынялі ўдзел старшыні сельвыканкамаў, кіраўнікі ўстановаў і арганізацый Войневіцкага сельсавета, намеснік дырэктара КСУП “Войневічы” па ідэалагічнай рабоце. Кіраваў мерапрыемствам старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

Старшыня сельвыканкама Васіль Маліка расказаў, што Войневіцкі сельскі савет быў утвораны ў 1958 годзе, у снежні 2009-га да яго далучаны сем населеных пунктаў Раготнаўская сельсавета. Цяпер у складзе сельсавета 10911 гектараў зямлі, 15 населеных пунктаў, 397 гаспадарак. Тут жывуць 748 чалавек, з якіх 344 – працаздольныя, 325 пенсіянераў, 79 дзяцей і падлеткаў. У сельскай гаспадарцы працуюць 173 чалавекі. На тэрыторыі сельсавета жывуць 23 адзінокія грамадзяніны, 256 пражываюць адзінока, 3 – былыя непаўналетнія вязні, 56 інвалідаў, 10 шматдзетных сем’яў. У 2008 годзе вёска Войневічы атрымала статус аграгарадка, дзе цяпер жывуць 182 чалавекі. Самая населеная вёска сельсавета – Горка (162 чалавекі), самая маланаселеная – Петрашулевічы (4 чалавекі).

У Войневіцкі сельскі Савет выбраны 11 дэпутатаў. Працоўны орган Савета – выканаўчы камітэт – складаецца з 5 чалавек. Кожны з членаў выканкама курыруе пэўную сферу грамадскай дзейнасці. Вытворчую і сацыяльную інфраструктуру сельсавета складаюць КСУП “Войневічы” (агульная плошча зямель – 6544 гектары), Войневіцкі дзіцячы сад, 4 установы аховы здароўя (Войневіцкі, Прудскі, Горкаўскі, Лядзінскі фельчарска-акушэрскія пункты), 3 гандлёвыя ўстановы (12 населеных пунктаў па графіку абслугоўвае аўтамагазін), Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб, 2 праваслаўныя царквы, у Войневічах працуе лазня.

Штомесяц паводле графіка фельчары ФАПаў праводзяць агляды адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, аказваюць ім неабходную медыцынскую дапамогу, кансультуюць. Пункты паштовай сувязі Войневічы і Горка, акрамя ўласных паштовых паслугаў, выконваюць дадатковыя: па заяўках жыхароў дастаўляюць ім розныя тавары. Сістэма дзяржаўнай адукацыі прадстаўлена Войневіцкім дзіцячым садам, які наведваюць 10 выхаванцаў, 21 дзіця аграгарадка Войневічы займаецца ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе, падвоз арганізаваны. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму знаходзіцца 8 адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян сельсавета, працуюць 2 сацыяльныя работнікі.

На тэрыторыі знаходзяцца 2 помнікі воінам-землякам (Войневічы, Горка), 6 могілак, 4 з якіх агароджаны цалкам, 2 – часткова, бо знаходзяцца ў лясным масіве. Па ўборцы могілак пытанняў не ўзнікае: у гэтым дапамагаюць старасты вёсак, смецце пры неабходнасці вывозіць КСУП “Войневічы”.

Шмат увагі сельвыканкам надае рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства, сярод формаў работы – вясковыя сходы і падворныя абходы. Вялікую работу праводзяць старасты вёсак, якія з’яўляюцца сувязным звяном паміж сельскімі жыхарамі і сельвыканкамам.

Сярод найбольш актуальных задач – навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У 2018 годзе праведзены 3 суботнікі, зрэзана кустоўе ў вёсцы Пруд, на могілках у Студзераўшчыне і Малых Шастаках. Жыхарам сельсавета выпісаны 5 прадпісанняў. Капітальна адрамантавана дарога Войневічы – Талявічы, скончана асфальтаванне дарогі Нянадавічы – Войневічы. На тэрыторыі сельсавета ў 2017 годзе знесены 6 дамоў, прыбраны падмуркі пасля зносу хутароў у вёсцы Даўгялавічы. Заключаны дагаворы на вываз бытавога смецця транспартам РУП ЖКГ у аграгарадку Войневічы, вёсцы Горка, астатнія населеныя пункты абслугоўвае транспарт КСУП.

Пры сельскім выканаўчым камітэце дзейнічаюць грамадскія фарміраванні: аглядавая камісія, савет жанчын, камісія па садзейнічанні кантролю за выкананнем заканадаўства “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, грамадскі пункт аховы правапарадку, добраахвотная дружына. Планавыя пасяджэнні праходзяць раз у квартал, пазапланавыя – пры ўзнікненні патрэбы.

У сельсавеце маюцца і праблемы. Адна з іх – змяншэнне колькасці насельніцтва. Асноўная прычына: старэнне жыхароў. Большасць моладзі з’язджае ў гарады, пажылыя людзі паміраюць, вёскі пусцеюць. Штогод насельніцтва памяншаецца ў сярэднім на 50 чалавек, што складае 6,7% ад агульнай колькасці. У 2017 годзе памерлі 25 чалавек, нарадзіліся 5 дзяцей.

Прысутныя на Дні сельскага савета наведалі Войневіцкі ФАП, магазін, дзіцячы сад, пацікавіліся станам могілак аграгарадка і вёсак Малыя Шастакі, Горка, пабачылі Паклонныя камяні і крыніцу ў вёсцы Горка.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі азнаёміў удзельнікаў сустрэчы з вынікамі анкетнага апытання жыхароў Войневіцкага сельсавета і, падводзячы вынікі пасяджэння, пералічыў пазітыўныя моманты, назваў недапрацоўкі. Станоўча ён ацаніў намаганні мясцовай улады па актывізацыі жыхароў для добраўпарадкавання паселішчаў і могілак.

Наступны Дзень сельскага савета пройдзе ў Парэччы.

Ірына СТЫРНІК

Стоит почитать:

Роль социальных сетей в информационном пространстве и интеграции Союзного государства. Большой диалог в «Гродзенскай праўдзе»
Президент Беларуси Александр Лукашенко произвел кадровые назначения в руководстве Вооруженных Сил

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *