А над полем – песня

Падзеі

Працоўнае лета-2018.

На Дзятлаўшчыне набірае сілу моладзевы працоўны семестр-2018. На гэты раз карэспандэнтка газеты “Перамога” сустрэлася са студатрадаўцамі, якія працуюць у КСУП “Белагурна”.

Быў ясны сонечны дзень, машына спынілася на абочыне гравійнай дарогі, з боку ад якой раскінулася поле. Далёка пасярод яго віднеліся чалавечыя фігуры, а над полем лунала песня. Так задавалі тон рабоце студатрадаўцы, якія ў гэты дзень былі задзейнічаны на праполцы зерневых. Калі работнікі наблізіліся да дарогі, з’явілася магчымасць пагутарыць і сфатаграфавацца.

– У нас выдатныя памочнікі. Бачыце, нават песні разам спяваем. У рабоце не адстаюць, – пахвалілі студатрадаўцаў інжынер па тэхніцы бяспекі КСУП “Белагурна” Людміла Загдай і брыгадзір Алена Навумава.

Пра ўражанні ад працадзён, карысную летнюю занятасць і ўласныя грошы карэспандэнтка газеты пацікавілася ў саміх маладых работнікаў.

Кірыл Дашчэчка, скончыў 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы:

– Летам працую ўпершыню. Мне падабаецца, бо дома асабліва рабіць няма чаго. Работа не цяжкая, толькі напрыканцы стамляюцца ногі. Тут мы займаемся праполкай. Пакуль не ведаю, колькі ўдасца зарабіць, але грошы планую патраціць на новы музычны інструмент – баян. Музыкай займаюся даўно, ужо ўдзельнічаў у шэрагу конкурсаў. Летась стаў пераможцам міжнароднага музычнага конкурсу, які праходзіў у Расійскай Федэрацыі. Сёлета заняў другое месца на рэгіянальным конкурсе ў Іўі. З музыкай планую звязаць сваю будучую прафесію, думаю паступаць у Лідскі музычны каледж. Мару стаць выкладчыкам музыкі і артыстам, выступаць на вялікай сцэне, як сусветна знакамітыя баяністы. Равеснікам раю таксама летам знайсці магчымасць папрацаваць: ад гэтага сельскай гаспадарцы карысць, і сабе – заробак.

Данііл Хаванскі, скончыў 8 клас Дварэцкай сярэдняй школы:

– Працаваць давялося ўпершыню. Прапанавалі ісці ў атрад настаўнікі. Дома з мамай гэта доўга абмяркоўвалі, і я не раскайваюся, што прынялі станоўчае рашэнне. Цяжкага ў рабоце нічога няма – паболей бы сілы, каб не стамляцца. Хаця сябе не лічу слабым, захапляюся футболам. Вечарам пасля работы хапае часу “паганяць” мяч з хлопцамі ці пакатацца на веласіпедзе. Нам у атрадзе весела, адносіны – сяброўскія. Калі атрымаю заробак, куплю падарункі для малодшага брата. Іншым старшакласнікам таксама раю задумацца аб рабоце: у студатрадзе лета не праходзіць дарэмна, мы шмат даведаліся пра сельскагаспадарчую працу.

Ксенія Лагута, скончыла 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы:

– У гаспадарцы працую першы раз, праўда, раней дапамагала маме на збожжасушылцы. Карысную занятасць прапанавалі педагогі, і я адразу згадзілася. За работай не стамляюся, яна ж не складаная, толькі на сонейку бывае спякотна. Быць пры справе, а не траціць час дарэмна за тэлевізарам, – выдатнае рашэнне, ды і грошы свае заробім. Частку іх планую патраціць на модную прычоску, астатнія аддам маме.

Алёна Мацюкевіч, скончыла 9 клас Дварэцкай сярэдняй школы:

– Не шкадую, што ўпершыню прыйшла працаваць летам, хоць гэта і апошнія мае канікулы перад паступленнем. Увогуле, я за актыўны лад жыцця: чым больш працуеш і рухаешся, тым лепш. Працаваць у полі лёгка, шкада, што няма музыкі, таму мы самі спяваем за работай “Кацюшу”, іншыя хіты мінулых гадоў. У атрадзе весела, мы ўсе сябры. Грошы мне патрэбныя для паступлення, яшчэ трэба зрабіць новую прычоску, набыць мабільны тэлефон. Як бачыце, мэтаў многа, таму ў ліпені таксама планую працаваць, толькі ўжо на збожжасушылцы. Равеснікам, якія не працуюць летам, раю хутчэй знайсці работу.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Читайте также:

Летнік «Усмешка»
Пятроўка не значыць галадоўка
Кропелькі для жыцця
Ацэньваюцца і работа, і вольны час


Теги:

3 комментария по теме “А над полем – песня

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *