Адметна, што на Дзятлаўшчыне ўсё большую папулярнасць набывае скандынаўская хада. Людзей з палкамі, падобнымі на лыжныя, можна ўбачыць на стадыёне “Колас” і на вуліцах райцэнтра. А нядаўна шэсць набораў палак для скандынаўскай хады былі набыты ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Тут ўпэўнены, што яны будуць актыўна выкарыстоўвацца.
Карэспандэнтка газеты “Перамога” пабыла на інструктажы, які для ўдзельнікаў клуба “Нам гады не бяда” наладзілі спецыяліст Цэнтра Галіна Касцюк, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда, валеолаг райЦГЭ Наталля Юрэня.
Важна, каб першую трэніроўку для пачынаючых правёў прафесіянал. У гэтым аматары здаровага ладу жыцця, якія збіраюцца хадзіць па-скандынаўску, упэўніліся з першых хвілін размовы. Дзмітрый Ёда расказаў ім, як адрэгуляваць палкі пад свой рост, дапамог засвоіць правільны хват палак, расказаў і паказаў, як хадзіць, колькі трэніравацца, чаму неабходна сачыць за пульсам у час трэніровак і пазбягаць залішніх нагрузак на арганізм. Да кожнага ўдзельніка групы аздараўлення прафесійны трэнер падышоў і праверыў, ці правільна засвоілі інструктаж, прайшоўся побач з імі, пакуль не адпрацавалі рухі пры хадзе з палкамі. Прысутныя засталіся вельмі задаволеныя такой увагай і дапамогай. З азартам спрабавалі свае сілы, а пасля дамаўляліся паміж сабой аб наступных трэніроўках.
Свае меркаванні наконт папулярнага віду спорту, які актыўна “прыжываецца” на Дзятлаўшчыне, выказалі спецыялісты.
Дзмітрый Ёда:
– Родам скандынаўская хада – з Фінляндыі. Дакладна не вядома, хто першы прыдумаў гэты від спорту, але ёсць меркаванне, што яе пачалі выкарыстоўваць трэнеры фінскай нацыянальнай зборнай па біятлоне ў прадсезон, калі няма снегу і магчымасці стаць на лыжы. Такім чынам спартсменаў рыхтавалі да зімы. Скандынаўская хада адрозніваецца ад звычайнай тым, што пры ёй задзейнічана 90% мышцаў. Гэта вельмі карысна для здароўя, калі няма супрацьпаказанняў, але важна правільна выбраць нагрузку, каб не нашкодзіць арганізму.
Наталля Юрэня:
– Па-першае, скандынаўская хада – гэта бюджэтна, па-другое, яна прыносіць карысць арганізму. Пры ёй задзейнічана большасць мышцаў, ідзе аздараўленне сардэчна-сасудзістай сістэмы, рухальнага апарата (апорай служаць палкі і расслабляецца пазваночнік). Супрацьпаказанняў скандынаўскай хадзе амаль няма. Не варта ісці на трэніроўку толькі тым, хто кепска сябе адчувае, або каму доктар забараніў займацца спортам. Даўжыня палак для хады вымяраецца па формуле: рост памножыць на 0,66. Пачынаецца летні сезон, і мы заклікаем усіх весці здаровы лад жыцця.
Галіна Касцюк:
– Людзі хочуць быць здаровымі. Неаднаразова нас прасілі набыць для Цэнтра палкі для скандынаўскай хады. На шчасце, знайшоўся спонсар, і мы выканалі гэта пажаданне. На інструктаж запрасілі самых актыўных ўдзельнікаў клуба “Нам гады не бяда” для пробнай трэніроўкі. Вельмі ўдзячны Наталлі Юрэня і Дзмітрыю Ёду, што адгукнуліся і дапамаглі нам больш даведацца пра адносна новы для раёна від спорту. Нам гэта важна яшчэ і таму, што ў верасні будзе ладзіцца фестываль “Крэатыўны ўзрост”, на якім заяўлены спаборніцтвы ў тым ліку і па скандынаўскай хадзе. Адметна, што першая трэніроўка ладзіцца ў час месячніка Чырвонага Крыжа, і як старшыня раённай арганізацыі я заклікаю ўсіх далучацца да здаровага ладу жыцця.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Стоит почитать:
Фестываль сямейнага адпачынку «Зецельскі фэст». Свята заклікае!
Пабудаваць дом мары і сустрэцца на “Скрыжаванні мастацтваў” – творчыя пляцоўкі фестывалю