Урачыстыя провады прызыўнікоў на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве прайшлі 4 мая ў Дзятлаве каля помніка Я. Фогелю і П. Пятрову ў гарадскім парку.
Вядучая ўрачыстасці Наталля Маліноўская зазначыла, што здаўна юнакі пачыналі лічыцца мужчынамі толькі тады, калі навучаліся воінскаму рамяству. Таму менавіта сёння на адным са свяшчэнных месцаў нашага горада праводзім у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь нашых маладых землякоў.
Добрыя словы, пажаданні і настаўленні годна служыць гучалі для будучых салдатаў.
– Абарона Айчыны – гэта свяшчэнны абавязак для кожнага грамадзяніна. Вельмі хутка ўсе вы будзеце выконваць гэту ганаровую місію. І гэта не гучныя словы. Хачу пажадаць вам добрай службы, верных і надзейных сяброў, добрых камандзіраў, з годнасцю выканаць гэты абавязак. Поспехаў вам, удачы, – звярнуўся да будучых салдат ваенны камісар ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна падпалкоўнік Генадзь Суравец.
Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Аляксандр Камароў параіў прызыўнікам не баяцца новага этапу жыцця, у арміі набываць новы жыццёвы вопыт, новых сяброў, пажадаў юнакам удачы, набываць воінскія званні, станавіцца майстрамі сваёй воінскай справы так, каб камандзіры пісалі толькі падзячныя лісты іх бацькам, і бацькі імі ганарыліся.
Менавіта ў гэтыя майскія дні, калі ўвесь беларускі народ рыхтуецца адзначыць 73-ю гадавіну Вялікай Перамогі, сабраліся праводзіць навабранцаў каля помніка воінам-вызваліцелям Дзятлаўшчыны. Хвілінай маўчання ўспомнілі і ўшанавалі памяць тых, хто адстаяў нашу Радзіму. І менавіта будучым абаронцам Айчыны ганарова знаходзіцца на гэтым месцы, бо ім працягваць традыцыі гэтых слаўных воінаў.
Уручылі павесткі прызыўнікам начальнік групы прызыву раённага ваеннага камісарыята Павел Бараноўскі і ваенны камісар Генадзь Суравец, які таксама падзякаваў бацькам за выхаванне сваіх сыноў.
Напрыканцы, ад імя ўсіх прызыўнікоў, слова ўзяў Максім Гайдук:
– Кожнаму з нас неабходна прайсці службу ў арміі. Для кагосьці гэта паўгода, для іншых – год, паўтара. Некаторыя з нас будуць служыць у адной часці, іншыя раз’едуцца ў розныя куткі нашай краіны. Але ўсе мы павінны з доблесцю і гонарам пранесці воінскую службу. Поспехаў і ўдачы ўсім.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Стоит почитать: