Апошнім часам фіксуецца ўсё больш выпадкаў атручэння чадным газам. Гэта звязана з тым, што большасць дамоў і кватэр не абсталяваны прыборамі, здольнымі выявіць такі газ у паветры. З-за наяўнасці ацяпляльных сістэмаў, цвёрдапаліўных катлоў і іншых прыладаў мэтазгодна ўстанаўліваць дэтэктары чаднага газу.
Чадны газ і яго негатыўны ўплыў
Чадны газ, або СО – газ, які нябачны, не мае паху, утвараецца ў выніку няпоўнага згарання драўнянага вугалю, нафты, дрэва, прыроднага газу, прапану. Пры ўцечцы ён распаўсюджваецца па доме паступова і абсалютна незаўважна можа нашкодзіць усім членам сям’і. Трапляюць у небяспеку людзі, якія знаходзяцца ў памяшканні, дзе ёсць награвальныя і ацяпляльныя прыборы. Таму ў кожным доме павінен быць дэтэктар чаднага газу, бо выявіць гэты газ без спецыяльных прыбораў немагчыма. Трапляючы ў кроў, СО выклікае вострае кіслароднае галаданне арганізма, што можа выклікаць атручэнне або нават смерць. Чадны газ штогод забірае жыцці тысяч людзей толькі з-за таго, што чалавек не можа адчуць пагрозу да надыходу сімптомаў.
Як адбываецца атручэнне чадным газам?
– Пры няправільнай эксплуатацыі або няспраўнасці пячнога абсталявання, газавых ацяпляльных прыбораў;
– пры знаходжанні ў невентылюемым памяшканні пры ўключаным аўтамабільным рухавіку;
– пры пажары;
– пры тленні электраправодкі, бытавых прыбораў, дэталяў інтэр’еру, мэблі.
Сімптомы атручэння: галаўны боль, галавакружэнне, шум у вушах, слёзатачывасць, млоснасць, ірвота, лёгкія парушэнні зроку, цяжкасць дыхання, сухі кашаль.
Пастаянны ўплыў на арганізм у бытавых умовах малых дозаў газу можа выклікаць розныя захворванні: гіпертанію, дэпрэсію, рассеяны склероз, павышаную раздражняльнасць, лёгачныя захворванні, ішэмічную хваробу сэрца.
Як засцерагчы сябе ад аварыйнай сітуацыі?
Неабходна ўстанавіць дома дэтэктар чаднага газу, які своечасова паведаміць аб перавышэнні нормы таксічных выпарэнняў у памяшканні, выявіць СО. Дэтэктар газу засцеражэ памяшканне і ад магчымага пажару. Але дым распазнаваць такі дэтэктар не здольны. Ён можа толькі папярэдзіць узнікненне ўзгарання.
Дэтэктары рэагуюць на змяненне канцэнтрацыі паветра і падаюць сігнал пры ўцечцы чаднага газу. Важна ўстанаўліваць дэтэктар у памяшканні, дзе знаходзяцца прыборы, якія могуць стаць прычынай атручэння. Дэтэктар можа размяшчацца на любой вертыкальнай паверхні.
Памятайце!
Каб папярэдзіць уцечку чаднага газу і яго негатыўнае ўздзеянне на арганізм чалавека, неабходна забяспечыць бяспечную эксплуатацыю бытавых газавых прыбораў і ацяпляльных апаратаў. Важна наладзіць правільны адвод прадуктаў згарання і пастаянны паветраабмен у памяшканнях, дзе ўстаноўлены газавыя прыборы. Адвод прадуктаў згарання ад воданагравальнікаў, ацяпляльных катлоў і печак і паветраабмен у памяшканнях ажыццяўляюцца праз дымаходы і вентыляцыйныя каналы за кошт натуральнай цягі, якая ствараецца рознасцю тэмператур вонкавага (халоднага) і нагрэтага паветра памяшкання.
Каб засцерагчы сябе і членаў сваёй сям’і ад атручэння чадным газам, заўсёды падтрымлівайце дымаходы і вентыляцыйныя каналы ў спраўным стане.
Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння
Читайте также:
Хороший совет.
Рейтинг комментария:00