10 мая з рабочым візітам на Дзятлаўшчыне пабылі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, першы сакратар цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” Андрэй Белякоў і яго памочнік Міхаіл Папоў. Мэтай іх візіту было наведаць малочнатаварныя фермы “Падвялікае” КСУП “Слава працы” і “Хадзяўляны” КСУП “Русь-Агра”, азнаёміцца з работай аграпрамысловага комплексу раёна, а таксама даведацца, як на Дзятлаўшчыне жыве і працуе моладзь.
Гасцей сустракалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік, старшыня раённага Cавета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Бортнік, першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
У час размовы з кіраўніком раёна Андрэй Белякоў зазначыў, што Гродзеншчына – моцны рэгіён, у тым ліку і па культуры земляробства. Аднак заклапочанасць выклікаюць некаторыя гаспадаркі, якія хацелася б вывесці на больш высокі ўзровень работы.
Аляксандр Дубовік у сваю чаргу адзначыў, што землі Дзятлаўскага раёна не самыя ўрадлівыя ў вобласці. Нягледзячы на развітую культуру земляробства, цяпер загадваць пра будучы ўраджай яшчэ рана – многае залежыць ад капрызаў надвор’я, і на Дзятлаўшчыне проста неабходны дажджы. Тым не менш, механізатары і спецыялісты сельскай гаспадаркі раёна робяць усё, што ад іх залежыць. Нарыхтавана больш угнаенняў, па паліву вялікіх праблем таксама не ўзнікае, таму сяўба ідзе без перашкодаў. На мінулым тыдні гаспадаркі скончылі сяўбу яравых, сеюць кукурузу, стараюцца справіцца з вясновымі работамі ў аптымальны тэрмін.
Што тычыцца жывёлагадоўлі, то па малаку раён сёлета “плюсуе” ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У 2018 годзе гаспадаркі раёна зрабілі ўхіл на травы: намецілі сур’ёзнае перазалужэнне, пачалі падсеў шматгадовых траваў.
З тэхнікай на Дзятлаўшчыне таксама парадак: на пачатак сяўбы няспраўнымі былі толькі чатыры трактары (знаходзіліся на бягучым рамонце). Цяпер гаспадаркі займаюцца падрыхтоўкай кормаўборачнай тэхнікі, але крыху запавольвае гэты працэс позняе авансаванне. Андрэй Белякоў пацікавіўся ў кіраўніка раёна, ці задаволены работнікі сельскай гаспадаркі айчыннай тэхнікай, і атрымаў станоўчы адказ. “Някепскімі” Аляксандр Дубовік назваў “Амкадоры” і “МТЗ-1221”, а вось магутныя трактары яшчэ патрабуюць пэўнай дапрацоўкі, аднак сістэма іх сэрвіснага абслугоўвання наладжана добра.
Закранулі і праблему кадраў у вёсцы. На Дзятлаўшчыне, як і ў многіх іншых раёнах рэспублікі, ёсць дэфіцыт у заатэхніках і ветэрынарах. Кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў кадравым забеспячэнні сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і Аляксандр Дубовік даручыў стварыць з наступнага навучальнага года ў сельскіх і гарадскіх школах аграрныя класы з паглыбленым вывучэннем біялогіі і хіміі.
Таксама госці пабылі ў кабінеце першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ”, пацікавіліся, як жыве моладзь нашага раёна, якія акцыі і праекты рэалізоўваюцца на Дзятлаўшчыне. Затым накіраваліся на малочнатаварныя фермы “Падвялікае” і “Хадзяўляны”, пазапланава наведалі мехдвор КСУП “Слава працы” ў вёсцы Нянадавічы.
На кожным з аб’ектаў наведвальнікаў цікавілі не толькі паказчыкі і вытворчыя планы, але і ўмовы працы работнікаў, наяўнасць бытавых пакояў і душавых, памер заработнай платы, у тым ліку маладых спецыялістаў, пытанне замацавання кадраў у сельскай мясцовасці, наяўнасць жылля для работнікаў гаспадарак.
Са станам спраў на ферме “Падвялікае” наведвальнікаў пазнаёмілі крызісны кіраўнік Міхаіл Цімошка і галоўны заатэхнік Ала Бойка. Расказалі, што тут утрымліваецца звыш двух з паловай тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 728 дойных кароў. Надоі адпавядаюць узроўню мінулага года, і ў сёлетніх планах надаіць у сярэднім ад каровы 3200 кілаграмаў малака, у 2019 годзе – 4100, у 2020 – 5000 кілаграмаў. Дасягнуць такіх паказчыкаў плануюць за кошт нараджэння цялят і павышэння кармавой базы.
Аб малочнатаварнай ферме “Хадзяўляны” КСУП “Русь-Агра” гасцям расказаў намеснік кіраўніка гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Вадзім Царык. Тут утрымліваецца 1418 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 807 дойных кароў. Шмат увагі надаецца якасці малака, і да канца года плануецца выйсці на лічбу 70% класа “экстра”.
Развітваючыся, Андрэй Белякоў зазначыў, што ў цэлым уражанне ад гаспадарак Дзятлаўскага раёна станоўчае, адчуваецца, што работа тут наладжана на належным узроўні.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Стоит почитать: