Нядаўна Жыровічы наведалі прадстаўнікі краіны ўзыходзячага сонца – бізнэсмэн Мацуура Масата-сан і пісьменніца, сцэнарыст фільмаў Танімура Сіха-сан. Гасцей суправаджала дырэктар інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў горадзе Мінску Тацумі Масака-сан.
Як расказалі госці, мэта іх візіту ў Беларусь – пазнаёміцца з краінай, дзе вырас вядомы выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі і першы рускі консул Японіі Іосіф Гашкевіч. У будучым у сябе на радзіме японскі бізнэсмэн плануе зрабіць музей славянскай культуры, які будзе размяшчацца ў доме Гашкевіча. Танімура Сіха-сан хоча напісаць пра рускага консула кнігу. Замежнікі зацікавіліся сакрэтамі выпечкі чорнага хлеба, распыталі пра тэхналогію яго вытворчасці.
Госці расказалі студэнтам семінарыі аб праваслаўі ў Японіі, адказалі на іх пытанні і былі прыемна здзіўлены цікавасцю семінарыстаў да японскай культуры.
Зямлю з Жыровічаў плануюць прадаваць у пакеціках
Навіна аб тым, што зямля з Жыровічаў будзе прадавацца ў мяшочках, упершыню з’явілася ў сацыяльнай сетцы ВКонтакте. Аўтарам гэтай цікавай задумкі з’яўляецца жыхар мясцовай вёскі Дзяніс Піменаў, які працуе ў Санкт-Пецярбургу.
Прадпрымальны хлопец мяркуе, што ў якасці сувеніра такая пакупка будзе мець поспех, калі выставіць за яе невялікую цану і афіцыйна асвяціць мяшочкі з зямлёй. Іх, дарэчы, Дзяніс думае прывозіць з Украіны. На прапанову маладога чалавека ў сацыяльнай сетцы адрэагавалі з цікавасцю. Некаторыя параілі прадаваць “тады ўжо і паветра ў сувенірных бляшанках”, іншыя цікавіліся, якія будуць цэны і для чаго людзям купляць менавіта гэтую зямлю.
Варта адзначыць, што ідэя продажу ў сасудах асвячонай вады і зямлі не новая. У Свята-Успенскім Жыровіцкім мужчынскім манастыры наладжана рэалізацыя вады з крыніцы. У іншых манастырах, да прыкладу, у Дывееўскім манастыры можна набыць зямлю з канаўкі Прасвятой Багародзіцы. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца каменьчыкі і пясок са Святой Зямлі. Многія паломнікі, прыязджаючы ў славутыя манастыры, імкнуцца павезці з сабой асвячоныя прадметы, заплаціўшы за іх грошы.
Ігар ЗІНЧАНКА