Веснавыя работы на палях гаспадарак раёна па-ранейшаму кіпяць з ранку да позняга вечару, а традыцыйна адказны і хуткаплынны вясенні перыяд не дазваляе спыніцца аграрыям ні на хвіліну.
Амаль толькі скончылася сяўба, а гаспадаркі ўжо садзяць бульбу.
У КСУП “Хвінявічы”, кіраўніком якога з’яўляецца Мікалай Бубноўскі, сёлета па праву могуць ганарыцца лідэрствам – у гэтым годзе яны першымі скончылі пасадку бульбы. Ладзіцца работа ў працоўнага звяна Георгія Шэўко і Рыгора Палюна. Яны адны з першых спраўляюцца з пастаўленымі перад гаспадаркай задачамі. На працягу ўсяго складанага аграрнага часу механізатары не спыняюцца: адзін від сельскагаспадарчай дзейнасці хутка змяняецца другім. Сёння радуюць вока акуратныя, роўныя, нібы пад лінейку, барозны, нарэзаныя Рыгорам Палюном, а яшчэ зусім нядаўна Рыгор Уладзіміравіч падрыхтоўваў глебу да севу: вывозіў арганічныя ўгнаенні. Наступны перыяд у календары механізатара – нарыхтоўка кармоў. Першыя на чарзе – шматгадовыя травы. А да пачатку гэтага сельскагаспадарчага этапу механізатарам дасканала правяралася ўся неабходная тэхніка, каб адказна, без збояў, выйсці на палеткі. У 1990 годзе ўладкаваўся Рыгор Палюн сюды на працу і вось ужо дваццаць восьмы год самааддана працуе на палетках гаспадаркі.
Узнімаецца высока над зямлёю з-пад калёс трактара МТЗ пыл. Кіруе вопытны механізатар, перадавы працаўнік Георгій Шэўко. Па выніках шматгадовай працы зразумела – тэхналогія пасадкі бульбы адпрацавана ім да дробязей. Георгій Міхайлавіч працуе ў КСУП “Хвінявічы” ўжо 32 гады. У час пасяўной кампаніі Георгій Шэўко займаецца ўнясеннем арганічных і мінеральных угнаенняў у глебу, пазней на трактары садзіць бульбу, летнімі спякотнымі днямі працуе на зернеўборачным камбайне, восеньскай парою прыступае да збору беражліва ім пасаджанай і, калі год дасць, добра ўрадзіўшай бульбы.
Прыемная сустрэча з віншаваннямі і падарункамі была арганізавана на палетках гаспадаркі КСУП “Хвінявічы” ва ўрочышчы Аляксандравічы. Словы падзякі за сёлетнюю плённую працу і лепшыя дасягненні пры пасадцы бульбы выказаў механізатарам калектыўнага звяна Георгію Шэўко і Рыгору Палюну старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
Падзячныя лісты за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі, каштоўныя падарункі і веснавыя кветкі сталі прыемным
дапаўненнем да шчыра сказаных словаў, стварылі асабісты настрой бадзёрасці, які застаўся з працаўнікамі на ўвесь складаны аграрны дзень.
Павітаў Уладзімір Казак і новую супрацоўніцу КСУП “Хвінявічы” Ілону Вінцкевіч, якая з нядаўніх часоў працуе ў гаспадарцы аграномам-насенневодам.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Стоит почитать:
Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі