Сёння сучасная школа ўступіла ў новы этап развіцця. Многае мяняецца: праходзіць мадэрнізацыя ўсёй сістэмы адукацыі. Прыходзіцца пераглядаць змест адукацыі, методыкі і тэхналогіі навучання і выхавання, зусім па-іншаму будуецца сістэма кіравання адукацыйным працэсам. Але адно бясспрэчна – без трывалага фундаменту, які быў закладзены нашымі папярэднікамі-калегамі з самага пачатку заснавання школы, без традыцый, далейшае развіццё было б немагчымым.
Сваю работу ўстанова адукацыі Вензавецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа будуе на вопыце і ведах педагогаў, якія стаялі ля яе вытокаў. І сярод іх – Ганна Клімко, настаўніца біялогіі. Узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы”, граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ганна Міхайлаўна нарадзілася на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Белякі. Вучылася ў Яварскай сярэдняй школе. Пасля заканчэння школы паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. У 1967 годзе прыйшла працаваць у Вензавецкую васьмігодку. Ганна Міхайлаўна працавала ва ўстанове да 2013 года. Гэта майстар педагагічнай працы, глыбока ведала і любіла свой прадмет. Яе вучні былі аднымі з лепшых на раённых і абласных алімпіядах. Урокі Ганны Міхайлаўны адрозніваліся ідэйна-тэарэтычным, навуковым узроўнем, метадычным абгрунтаваннем.
Удасканальваючы працэс навучання і выхавання, імкнучыся забяспечыць максімальна рацыянальную арганізацыю ўрока, настаўніца напоўніла кабінет біялогіі рознабаковым дыдактычным і раздатачным матэрыялам. Мелася багатая фанатэка, комплекс вучэбна-наглядных дапаможнікаў і зборнікаў.
Дасягненні Ганны Міхайлаўны не старэюць з гадамі. Тое, што яна па часцінках сабірала, стала сучаснымі сродкамі, метадамі, тэхналогіямі навучання. І я, як яе вучаніца, а зараз кіраўнік установы, з упэўненасцю скажу, што сістэма работы Ганны Клімко “будавалася на трох кітах”: індывідуальнай рабоце вучняў на ўроку і ў пазаўрочнай дзейнасці, дыялогу настаўніка і вучня, сумеснай праектнай і даследчай рабоце. Сёння гэтыя ідэі мудрага настаўніка прымяняюцца новымі пакаленнямі педагогаў і даюць плённыя вынікі.
Ганна Міхайлаўна – ветэран педагагічнай працы, 46 гадоў яна адпрацавала ў школе і цяпер гаворыць, што не ўяўляе сабе другога лёсу.
– Калі б мне пачаць жыццё спачатку, – гаворыць Ганна Міхайлаўна, – я ўсё роўна стала б толькі настаўніцай біялогіі.
Педагог падрыхтавала да самастойнага дарослага жыцця не адно пакаленне дзяцей Вензавецкай школы. Яна памятае сваіх вучняў, падтрымлівае з імі сувязь. Яе выпускнікі сёння паспяхова працуюць у розных сферах дзейнасці, але ўсіх іх аб’ядноўвае пачуццё падзякі любімаму настаўніку. Для многіх выпускнікоў веды, атрыманыя на ўроках Ганны Міхайлаўны, сталі сапраўдным арыенцірам у выбары далейшага шляху. Сярод іх ёсць медыкі, педагогі, спецыялісты аграрнай сферы, работнікі прамысловасці.
20 мая Ганне Міхайлаўне споўнілася 70 гадоў. Віншую сціплую працаўніцу, шаноўную жанчыну з гэтым юбілеем. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці духу, клопату блізкіх.
Ганна ФРАНЮК,
дырэктар Вензавецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Стоит почитать:
Вячаслаў Адамчык – герой мірнага часу
Толькі памяць зберагае аднятае лёсам…
Дятловчанин Максим Комаров, магистрант БГТУ, в числе лучших молодых ученых республики