У народзе кажуць: “Хлеб сам не народзіцца, яго сеюць працавітыя рукі сейбіта”. Малады перспектыўны механізатар, лепшы працаўнік -сейбіт і разам з тым просты, вясёлы вясковы хлопец Павел Сухецкі працуе ў КСУП “Войневічы”.
Родам ён з вёскі Лядзіны Дзятлаўскага раёна. Бацька яго ўсё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы шафёрам, маці – жывёлаводам.
– З маленства, – расказвае Павел,– я быў вельмі часта побач з бацькам за рулём, калі ён працаваў у полі, рамантаваў тэхніку. Іншай працы, як праца з тэхнікай, я ўжо не ўяўляў сабе, таму і прафесію выбраў па душы.
У 2002 годзе Павел скончыў Казлоўшчынскі сельскагаспадарчы ліцэй па спецыяльнасці “трактарыст-машыніст сельскай гаспадаркі”. У гэтым жа годзе ўладкаваўся на працу ў КСУП “Войневічы” механізатарам. Ужо з першых дзён ён зарэкамендаваў сябе як адказны чалавек, спагадлівы калега. Павел Сухецкі працуе ў гаспадарцы ўжо 16-ы год. Тут ён пазнаёміўся з будучай жонкай Вольгай , а ў 2006 годзе ўтварылася новая сям’я.
– Якімі якасцямі павінен валодаць механізатар? – задаю суразмоўцу класічнае пытанне і чую ў адказ: – Дапытлівасць і імкненне да ведаў. Калі хочаш быць сапраўдным спецыялістам, ты павінен ведаць пра ўсё крыху болей, чым іншыя. Механізатар – гэта працаўнік, які павінен разбірацца не толькі ў сельскагаспадарчых машынах, трактарах, агрэгатах, але і шмат у якіх прыладах і механізмах. Самае галоўнае – быць з тэхнікаю на “ты”, берагчы яе.
Размаўляю з Паўлам і, гледзячы на працавітыя, у мазалях, рукі, уяўляю сабе, як па-майстарску кіруюць яны трактарам, разумею: гэтыя рукі могуць усё! Пацвярджэнне знаходжу ў словах жонкі Вольгі:
– Павел вельмі клапатлівы муж, працавіты гаспадар. Усюды ён любіць, каб быў ідэальны парадак: і ў доме, і на надворку, і ў гаражы кожнай рэчы – сваё месца. Не цураецца Павел і хатніх спраў: ва ўсім мне дапамагае, шмат ад чаго аберагае.
Ідэальны парадак падтрымлівае Павел Сяргеевіч і ў кабіне свайго МТЗ-3022, на якім працуе з 2009 года, належным чынам даглядае машынна-трактарныя агрэгаты, добра ведае асаблівасці сельскагаспадарчай тэхнікі, адказна падрыхтоўвае глебу да сяўбы.
У залатых руках механізатара спорыцца любая справа, а вынікі радуюць. З году ў год у час вясенняй і восеньскай сяўбы Павел Сухецкі – у лідарах сярод работнікаў сваёй гаспадаркі, а па нарыхтоўцы кармоў – лепшы ў раёне. Ужо тры гады запар ён “трымае марку” ў вобласці. Тут таксама адзначаны як адзін з лепшых па нарыхтоўцы кармоў.
Сёлета Павел Сухецкі быў абраны дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў па сваёй акрузе.
З сябрамі, якія працуюць у суседніх гаспадарках, Павел падтрымлівае сувязь і, як кажуць, заўсёды “на тэлефоне”. Ён хутка параіць, як лепш адрамантаваць непаладку, падзеліцца новымі вынаходніцтвамі.
– Вы яшчэ зусім маладым прыйшлі працаваць ў гаспадарку. Хваляваліся? – зноў звяртаюся да механізатара.
– Дапамагалі “родныя сцены”, свая зямля. Яны натхнялі мяне на працу, на поспех.
– Як адносілася да вас у гэты час кіраўніцтва гаспадаркі?
– З даверам. І калі я адчуваў яго, хацелася працаваць удвая больш.
З ранняй вясны і да позняй восені ў механізатара самы напружаны час, а кола яго абавязкаў вельмі шырокае. Увесну Павел Сухецкі працуе на сваім МТЗ-3022. Пазней, калі скончыцца пасяўная, працуе на КЗР “Палессе” – нарыхтоўвае кармы. Восеньскай парою, пасля ўборкі ўраджаю, ён зноў смела садзіцца за трактар і рыхтуе глебу да наступнага ўраджаю, сее азімыя. Зімой – рамантуе тэхніку, рыхтуе яе да новай пасяўной.
У вольны ад работы час Павел не сядзіць на месцы: займаецца ўласнай гаспадаркай, дрэсіруе сабаку, ходзіць у грыбы. У зімовы час любіць рыбалку, катаецца на лыжах. У 2017 годзе ён быў удзельнікам Дзятлаўскай лыжні, дзе заняў другое месца, а ў 2018 годзе прыйшоў да фінішу чацвёртым.
– Павел і мяне з сабою бярэ на лыжню, ставіць на лыжы. Мы часта ездзім катацца ў “Раўбічы”, – расказвае жонка Вольга.
Пра планы на будучыню Павел Сяргеевіч гаворыць так:
– Планую да канца адрамантаваць дом, а яшчэ працаваць тут усё сваё жыццё – я люблю зямлю, люблю сваю прафесію, мясціны, сярод якіх жыву, хлеб, які сею.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ