Трагедыя, якая не павінна паўтарыцца

Падзеі

Сумная дата 75-годдзя трагедыі Хатыні прымушае нас задумацца над падзеямі, якія ніколі не стануць гісторыяй, якія зламалі лёсы сотням тысяч беларусаў, прайшліся па гарадах і вёсках роднай зямлі чорным смерчам. Страшныя зверствы тварылі фашысты ў Беларусі на працягу трох гадоў акупацыі. З 9200 населеных пунктаў, разбураных і спаленых нямецкімі акупантамі і калабарацыяністамі на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, звыш 5295 былі знішчаны разам з усім ці з часткай насельніцтва ў час карных аперацый, 186 з іх не змаглі аднавіцца, таму што былі знішчаны разам з жыхарамі, уключаючы маці і немаўлят, нямоглых старых і інвалідаў.

Ахвярамі нацысцкай палітыкі генацыду і “выпаленай зямлі” на Беларусі сталі 2 230 000 чалавек, што былі знішчаны за тры гады акупацыі, загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны.

Трагедыя ў Хатыні адбылася  22 сакавіка 1943 года. Азвярэлыя фашысты ўварваліся ў вёску і акружылі яе. Вяскоўцы не ведалі, што раніцай на дарозе за шэсць кіламетраў ад вёскі партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону, загінуў афіцэр. Помсцячы партызанам, фашысты вынеслі прысуд мірным жыхарам вёскі. Усё насельніцтва  выгналі з хат, зачынілі ў калгаснай адрыне, адрыну абклалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Драўляная адрына загарэлася імгненна. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя стараліся выратаваць дзяцей, пад напорам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і абрынуліся дзверы. У падпаленым адзенні, ахопленыя жахам людзі кінуліся наўцёкі. Тых, хто вырываўся з полымя, фашысты няшчадна расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. У агні жыўцом згарэлі 149 жыхароў вёскі Хатынь, з іх 75 дзяцей да 16-гадовага ўзросту. Вёска была разрабавана і спалена дашчэнту.

З усіх жыхароў Хатыні выратаваліся толькі трое чалавек – двое дзяцей, Віця Жалабковіч і Антон Бараноўскі, а таксама адзіны дарослы сведка трагедыі – 56-гадовы Іосіф Камінскі, які знайшоў сярод знішчаных аднавяскоўцаў параненага ў жывот сына. Хлопчык памёр у бацькі на руках. Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову адзінай скульптуры мемарыяльнага комплекса “Хатынь”–“Непакораны чалавек”.

На Беларусі няма сёння чалавека, які не чуў бы пра хатынскую трагедыю. Аднак такія трагедыі ў час вайны здарыліся амаль у кожным раёне нашай краіны. Не абышла злая доля і Дзятлаўскі раён. Сярод пацярпелых вёсак Малая Воля і Трафімавічы, Дубраўка і Гарадкі, Вялікая Воля і Дубароўшчына.

Многія з гэтых вёсак былі знішчаны ў час правядзення карнай аперацыі ў Ліпічанскай пушчы ў снежні 1942 года. Карнікі падпальвалі двары, а мясцовых жыхароў расстрэльвалі.

Малая  Воля: трагедыя адбылася ў сакавіку 1943 года; знішчана 58 двароў, загінулі 28 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Трафімавічы: трагедыя адбылася 13,16 снежня 1942 года; знішчана  22 двары, загінулі 142 чалавекі; пасля вайны вёска адноўлена.

Дубраўка: трагедыя адбылася ў кастрычніку 1942 года; загінулі 102 чалавекі; пасля вайны вёска адноўлена.

Гарадкі: трагедыя адбылася 13,16 снежня 1943 года; знішчана 48 двароў, загінулі 367 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Вялікая Воля: трагедыя адбылася 16 снежня 1942 года; знішчана 104 двары, загінулі 364 чалавекі; пасля вайны вёска адноўлена.

Дубароўшчына: трагедыя адбылася ў снежні 1942 года; знішчана 23 двары, загінулі 37 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Пушча Ліпічанская: трагедыя адбылася 14 снежня 1942 года; знішчана 106 двароў, загінулі 109 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

За гэтымі лічбамі і фактамі лёсы нашых землякоў, іх мары і спадзяванні, іх любоў і вера, іх будучыня, якой не суджана было наступіць.

З успамінаў Ядзвігі Іванаўны Гародка, жыхаркі вёскі Гарадкі:

“У вёску на машынах з кулямётамі, аўтаматамі і сабакамі наляцелі карнікі. Старасту Юзафу Лагуціку загадалі сабраць усіх жыхароў вёскі ў прызначаны час на лузе каля вёскі нібыта для праверкі дакументаў. Гледзячы на тое, як мітусіліся карнікі, рыхтавалі кулямёты, вяскоўцы здагадаліся, што будзе нешта страшнае. Людзі пачалі разбягацца. Тады карнікі папярэдзілі, што трэба вярнуцца назад, на свае месцы іўсё будзе добра. Людзі пастроіліся ў шарэнгу, узялі на рукі дзяцей. Камандзір карнікаў падышоў да старасты і сказаў: “Ты добры быў і немцам, і партызанам. Атрымай!”– і выстраліў яму ў грудзі. Пасля гэтага карнікі з аўтаматаў і кулямётаў пачалі расстрэльваць жыхароў вёскі. Узнікла паніка, людзі крычалі, плакалі дзеці. Праз некалькі хвілін усё сціхла, толькі даносіліся стогны параненых.

Калі я ляжала каля трупаў, то яшчэ была прытомная. Фашыст схапіў мяне за варатнік, перавярнуў і на мне застрэліў майго сынка. Куля трапіла і ў мяне. Ён падумаў, што я мёртвая і больш не страляў.

Калі немцы паехалі, нейкая жанчына сказала: “Людзі, хто жывы, вылазьце”. Я з цяжкасцю паднялася. Разам са мной з-пад трупаў вылезла двое дзетак. Гэта былі Лёля Гародка і Геня Ерамейчык. Было холадна. Мы брылі наўгад, абы ісці. Хутка дайшлі да хутара, затым трапілі ў вёску Салавічы. Так і засталіся жыць. Пра гэты жах зараз напамінае куля, якая сядзіць у маім целе. Пазней я даведалася, што праз тры дні немцы прыгналі на месца трагедыі людзей з суседніх вёсак, прымусілі капаць магілу і хаваць маіх аднавяскоўцаў, у тым ліку траіх маіх дзяцей і мужа”.

У Беларусі шмат зроблена і робіцца дзеля ўвекавечання памяці тых, хто загінуў ад рук нацыстаў на нашай шматпакутнай зямлі.  Помнікі ахвярам палітыкі генацыду ёсць і на Дзятлаўшчыне каля вёсак Вялікая Воля і Трафімавічы.  Гэта сімвалы памяці той страшнай ваенная пары, якая не павінна паўтарыцца.

 

 

Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *