Крыжовы шлях у Дзятлаве

Падзеі

Уваход Гасподні ў Іерусалім, ці Пальмавую нядзелю вернікі-каталікі адзначылі з малітваю і Крыжовым шляхам па цэнтральных вуліцах Дзятлава.

Удзельнікі шэсця трымалі ў руках асвечаныя ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі галінкі вярбы, спявалі святочныя антыфоны.

Мужчыны, жанчыны і дзеці па чарзе неслі драўляны крыж. У ім – збаўленне людзей, цярпенне, уменне зносіць пакуты і любіць Пана Бога.

— Знясілены ад бяссоннай ночы, бічавання, цярнёвай кароны, наймілейшы Езус спатыкаецца на дарозе і падае. Ён падае, каб падняць нашу душу, каб яна не ўпадала ў роспач ад сваіх штодзённых слабасцяў, — прагучала з натоўпу дзятлаўчан на адным з прыпынкаў. Гэты прыпынак быў дзеля ўспаміну таго, як Пан Езус упаў з крыжом першы раз.

Па тварах жыхароў райцэнтра сцякалі кроплі слёз, дзятлаўчане быццамі самі бачылі жахлівыя і змрочныя карціны кары Божай.

Узгадалі і Маці Балесную, памаліліся ёй, каб яна не пакідала чалавека і скіроўвала на яго свае міласэрныя вочы:

— Ніхто так не любіў Сына, як Найсвяцейшая Маці. Ніхто не любіў Маці, як Езус. Ён падняў вочы, у якія немагчыма глядзець без жалю, і ўбачыў сваю наймілейшую Маці. Убачыў яе залітыя слязьмі, поўныя спачування вочы, што з любоўю глядзелі на Яго. І гэтым адзіным узаемным паглядам суцешыліся Найсвяцейшыя Сэрцы.

Вернікі, стоячы на каленях, прасілі ў Пана Езуса, каб Ён ратаваў людзей ад цяжкіх грахоў, пазбавіў ад прыхільнасцяў і слабасцяў. Жыхары раёна зрабілі 14 сімвалічных прыпынкаў і на кожным з іх узгадалі цяжкія пакуты Сына Божага, пакланіліся Яму і падзякавалі за смяротны прысуд, які Пан Езус атрымаў за грахі людзей.

Напрыканцы працэсіі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула падзякаваў усім удзельнікам шэсця за веру і павагу да Езуса Хрыстуса.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *