Мяркую, Дзень Святога Валянціна – самае рамантычнае свята года. Прыўнесена яно ў культуру беларусаў не вельмі даўно, але шырока шануецца ў нашай краіне і з задавальненнем святкуецца моладдзю і не толькі.
Як вядома, кульмінацыяй адносінаў закаханых з’яўляецца прапанова рукі і сэрца і рэгістрацыя шлюбу ў ЗАГСе. А ці карыстаецца Дзень Святога Валянціна папулярнасцю ў дзятлаўчан? Ці многія нашы землякі плануюць вяселле, адшукваючы на календары “прыгожыя даты”? З гэтымі і іншымі пытаннямі карэспандэнтка газеты “Перамога” звярнулася да начальніка аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама Вольгі Бародзіч.
– Вольга Вацлаваўна, ці актыўна жыхары раёна рэгіструюць сямейныя саюзы ў Дзень закаханых?
– Дата вяселля стане адной з самых памятных і дарагіх для мужа і жонкі. Таму кожнай закаханай пары хочацца, каб гэты дзень быў асаблівым, сімвалічным, запамінальным ва ўсіх сэнсах. Даты ў ЗАГСе маладыя імкнуцца прызначыць загадзя, каб паспець усё спланаваць, “атрымаць” жаданы дзень для рэгістрацыі, заказаць рэстаран, запрасіць гасцей.
У кожнай маладой пары свой падыход да выбару дня вяселля. Напрыклад, некаторыя яшчэ вераць, што заключаць шлюбы ў маі не варта, бо маладыя будуць усё жыццё мучыцца. Гэта памылковае меркаванне даўно аспрэчана многімі шчаслівымі шлюбамі, заключанымі ў маі, і нешчаслівымі, заключанымі ў любым іншым месяцы. Аднак некаторыя закаханыя пры выбары дня вяселля ўсё роўна ўлічваюць народныя прыкметы, каб не рызыкаваць сямейным шчасцем.
У гэтым сэнсе прызначыць рэгістрацыю на Дзень Святога Валянціна – выдатны выбар. Аднак сёлета 14 лютага прыпадае на будні дзень, і жадаючых згуляць вяселле на Дзень закаханых не знайшлося. Хаця ў мінулыя гады мы рэгістравалі шлюбы, якія людзі спецыяльна прызначалі на “прыгожыя даты”, напрыклад, 12.12 ці 05.05. Калі гэта быў будні дзень, у які цяжка сабраць гасцей, маладажоны знаходзілі цудоўнае выйсце – застолле і ўрачыстае святкаванне “пераносілі” на выхадныя.
– Ці адрозніваецца рэгістрацыя, прызначаная на “прыгожую дату”, ад звычайнай?
– Адраджэнне нацыянальных традыцый і абрадаў як беларускага, так і іншых народаў на працягу апошніх гадоў вызначыла неабходнасць увядзення Міністэрствам юстыцыі для ЗАГСаў такіх паслугаў, як урачыстая рэгістрацыя заключэння шлюбу або нараджэння па індывідуальным сцэнарыі, распрацаваным з улікам пажаданняў грамадзян, а таксама выезд для рэгістрацыі заключэння шлюбу да месца правядзення ўрачыстасці.
Рэгістрацыя па індывідуальным сцэнарыі адрозніваецца ад стандартнай тым, што жадаючыя ўступіць у шлюб самі могуць скласці свой сцэнарый з выкарыстаннем у ім нацыянальных традыцый, звычаяў і абрадаў іншых народаў. Дарэчы, індывідуальныя сцэнарыі, па якіх праводзяцца цырымоніі ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу ў Дзятлаўскім ЗАГСе, прызнаны аднымі з лепшых у вобласці.
– Мяркую, самы найлепшы падарунак для сям’і, у якой пануе каханне, – гэта дзіця. Ці ёсць на Дзятлаўшчыне дзеткі, якія нарадзіліся ў Дзень Святога Валянціна?
– Такія дзеткі ёсць у нашым раёне. 14 лютага 2011 года нарадзілася Дар’я Урбановіч, 14 лютага 2012 года – Соф’я Ляшкевіч. Асабліва багатым на немаўлятак выдалася 14 лютага 2014 года (заўважылі – “прыгожая дата”): у гэты дзень на свет з’явіліся 4 дзетак – Кацярына Лях, Максім Талкун, Любоў Галімава, Іван Бялятка. У 2016 годзе ў Дзень закаханых нарадзілася Анастасія Вовк, летась – Леў Латушка і Ягор Баброўскі.
Будзем спадзявацца, што і наступныя Дні закаханых будуць радаваць шчаслівых бацькоў нараджэннем дзетак.
Са святам!
Ірына КАЎКЕЛЬ