З праблемамі – да дэпутата

Падзеі

Сёння дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянцін Міхневіч у Вензавецкім сельсавеце правёў прыём грамадзян, выслухаў праблемы і пытанні жыхароў раёна.

Да Валянціна Уладзіміравіча звярнуўся 69-гадовы грамадзянін. Ён працуе на камбайне і сутыкнуўся з такой праблемай: у пенсіянера састарэлі вадзіцельскія правы, па якіх ён мог ездзіць на розных механічных сродках, у тым ліку і на скутары. Яму адмовілі ў просьбе замяніць правы, а прапанавалі зноў здаць іспыты. Экзамены здаюцца на камп’ютарах, і гэта дадае складанасці. Мужчына 12 апошніх гадоў ездзіў на работу на скутары, а цяпер не можа гэта рабіць з-за адсутнасці пасведчання вадзіцеля неабходнай катэгорыі.

Валянцін Міхневіч паабяцаў звярнуцца ва ўпраўленне ДАІ рэспублікі, каб разгледзець гэтае пытанне.

Яшчэ адзін жыхар раёна папрасіў дапамагчы разабрацца з яго праблемай. Ён з’яўляецца спадчыннікам дома свайго дзеда, але, як належыць па законе, на працягу 6 месяцаў не ўступіў у спадчыну. Як высветлілася, на гэты ж дом ёсць і іншыя прэтэндэнты. Мужчына не хоча звяртацца ў суд для вырашэння праблемы і ўзаконіць свае правы. Валянцін Міхневіч параіў яму пераступіць прынцыпы і ўсталяваць уласнасць з дапамогай суда.

А вось жыхар Наваельні прыйшоў з прапановай узмацніць ахову мемарыялаў раёна, а таксама ўнесці папраўкі ў патрыятычнае выхаванне моладзі. Сваю прапанову ён аргументаваў тым, што сучасная моладзь дрэнна ведае гісторыю і не шануе памяць аб падзеях мінулага. На яго думку, такое пытанне можна вырашыць шляхам унясення цэнзуры на розныя крыніцы інфармацыі, а таксама ва ўстановах адукацыі часцей расказваць пра Вялікую Айчынную вайну і яе герояў.

Валянцін Міхневіч уважліва выслухаў развагі і прапановы грамадзяніна і паабяцаў абмеркаваць гэтае пытанне з кампетэнтнымі органамі.

У канцы прыёму дэпутат адзначыў, што пытанні грамадзян не застаюцца па-за ўвагай, толькі ўсё пажадана аргументаваць дэталёва, каб можна было дакладна разабрацца.

Юлія БАКУНОВІЧ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *