У суботу, 3 лютага, прайшоў другі тур чэмпіянату Гродзенскай вобласці па жаночым валейболе ў 1-й лізе. Дзеючы чэмпіён каманда Дзятлава чарговы матч турніру правяла зноў на выездзе – у Ашмянах. Перамаглі без варыянтаў, адзначыў трэнер каманды Васіль Русін – 3:0 (25:10, 25:5, 25:10).
У гэтым матчы дэбютавалі ў гульнях за нашу каманду Таццяна Макарчык (Курман), якая працуе на дзятлаўскім “Алгоні”, і Кацярына Барысенка з Хвінявічаў. Кацярыне на пляцоўцы вызначылі пазіцыю лібера.
Першапачатковы прагноз спраўджваецца: у групе “А” фаварытамі з’яўляюцца каманды Дзятлава і Ліды. Лідчанкі ў суботнім матчы дома лёгка перамаглі саперніц з Астраўца – 3:0. Такім чынам, пасля двух тураў чэмпіянату каманды Дзятлава і Ліды, набраўшы максімальную колькасць ачкоў – па 6, дзеляць першае-другое месцы ў групе.
Хто з іх першы фаварыт групы, вызначыць матч у бліжэйшую суботу, 10 лютага: Дзятлава прыме Ліду на сваёй пляцоўцы. Пачатак гульні прызначаны на 12.30. Месца – спартзала Дзятлаўскай гімназіі.
У тэхнічным арсенале абноўленай дзятлаўскай каманды, скажу па сакрэту, з’явіўся новы элемент – “атакуючая хваля”. У Ашмянах такую атаку гасцей ацаніла апладысментамі нават група падтрымкі мясцовай каманды. Што гэта будзе, заходзьце ўбачыць. Да таго ж, дзяўчаты каманды “Дзятлава” выйдуць на пляцоўку у новай гульнявой форме. Ёсць прычыны прыйсці на валейбол.
Б. Варна