Сёння са справаздачай пра дзейнасць у 2017 годзе перад работнікамі Дзятлаўскага філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства выступіў старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.
Ён адзначыў, што ў 2017 годзе зроблены яшчэ адзін крок у паступальным руху наперад. Добрыя вынікі дасягнуты ў раслінаводстве раёна: валавы збор зерневых і зернебабовых культур павялічыўся на 10,2% да ўзроўню 2016 года, валавы збор рапсу — у 3 разы, цукровых буракоў — на 6,7%, бульбы — на 29,8%. Дзятлаўскі раён адзін з лепшых на Гродзеншчыне па вытворчасці цукровых буракоў і займае трэцюю пазіцыю сярод 17 раёнаў вобласці. Дастойных вынікаў дасягнулі жывёлаводы Дзятлаўшчыны: у раёне сёлета павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У шэрагу гаспадарак за кошт сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі абнавіўся машынна-трактарны парк. У цэлым, выручка прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 11,5%, рэнтабельнасць продажаў склала 4,5%.
Стабільная работа аграпрамысловага комплексу спрыяла рабоце прамысловых прадпрыемстваў раёна. Адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Дзятлаўскі сыраробны завод», «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь», «Дварэцкі льнозавод», «Наваельнянскі КХП» забяспечваюць прадукцыяй не толькі свой раён, але і рэалізоўваюць яе за межы рэспублікі, забяспечваючы прыток валюты раёну. Экспарт тавараў па раёне дасягнуў 133,8%. Прадукцыя нашых прадпрыемстваў экспартуецца больш, чым у 15 краін свету.
Варта падзякаваць за работу калектывам санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”: дасягнуты паказчык 153,6% экспарту паслуг, што складае 57% агульнаабласнога.
Значную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўскага раёна адыгрывае малое і сярэдняе прадпрымальніцтва. Удзельная вага прыватнага бізнэсу ў экспарце раёна — 14%, прыватныя прадпрыемствы сёлета экспартавалі тавараў на суму 3,3 мільёна долараў ЗША. Сярод раённых лідараў фірма “Канвіга” і ТАА “Ізакам Пласт”.
Дзякуючы будаўнікам раёна, на Дзятлаўшчыне з’явіўся шэраг новых аб’ектаў. Сёлета пабудавана ферма ў Белагурне. Праведзена мадэрнізацыя рэнтгенкабінета Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, закуплена 18 адзінак сучаснага медыцынскага абсталявання, што дазволіла значна павысіць якасць аказваемых пацыентам паслугаў. У Год навукі медыцынай раёна асвоена 9 новых методык лячэння.
Год навукі на Дзятлаўшчыне быў азнаменаваны сустрэчай у Жыбартаўшчыне ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Геалогія і мінеральна-сыравінныя рэсурсы Захаду Усходне-Еўрапейскай платформы: праблемы вывучэння і рацыянальнага выкарыстання”, прысвечанай Ігнату Дамейку, якая ладзілася да 215-годдзя з дня яго нараджэння.
У раёне забяспечваецца стабільнасць сярэдняй адукацыі. 15 выпускнікоў школ раёна ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Навучэнка Наваельнянскай школы Ірына Рагозіна атрымала 100-бальны вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове. На абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная альфа” заваяваны 5 дыпломаў. Навучэнец гімназіі №1 горада Дзятлава Ілья Угрын адзначаны дыпломам другой ступені на заключным этапе алімпіяды па матэматыцы і ўзнагароджаны прэміяй імя Аляксандра Дубко. Спартсменамі раёна заваявана 51 прызавое месца ў абласных і 7 у рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Работнікі культуры сёлета імкнуліся дайсці да кожнага жыхара Дзятлаўшчыны. Святы завіталі ў аграгарадкі, дзякуючы сельскагаспадарчаму раённаму праекту “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім”. Тэатр роставых лялек прыняў удзел у міжнародным фестывалі фальклору “Мотыльскія прысмакі”. Узорны ансамбль скрыпачоў “Зорачкі” Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў стаў прызёрам Славянскага базара ў Віцебску.
Варта падкрэсліць, што галоўнае для нас – гэта людзі, жыхары Дзятлаўшчыны. Іх стваральная, самаадданая праца ляжыць у аснове ўсіх пералічаных дасягненняў. Таму і надалей намаганні кіраўніцтва раёна будуць скіраваны на тое, каб на Дзятлаўшчыне было камфортна і зручна жыць, каб кожны чалавек мог зарабіць сабе на жыццё.
Са справаздачай пра вынікі работы ў 2017 годзе ў працоўным калектыве выступіў дырэктар Дзятлаўскага філіялу Гродзенскага аблспажыўтаварыства Мікалай Лянцэвіч.
Ул. інф. «Перамогі».