Лепш не хуткасць, а ўважлівасць

Здарэнні і бяспека

Лічыцца, што аўтамабіль – самы небяспечны від транспарту. Гэта пацвярджаюць статыстыкі дарожна-транспартных здарэнняў.

А можа, справа не ў аўтамабілях, а ў вадзіцелях?

З 22 па 28 студзеня супрацоўнікі міжраённага аддзела Дзяржаўтаінспекцыі па абслугоўванні Слонімскага, Дзятлаўскага і Зэльвенскага раёнаў правялі мэтавыя рэйды па вуліцах Дзятлаўшчыны, каб ацаніць, наколькі спакойная абстаноўка на праезных частках горада і раёна.

У адзін з дзён сумесна з дзяржаўтаінспектарамі Аляксандрам Мухам і Віктарам Яхнаўцом паўдзельнічала і карэспандэнтка «Перамогі».

Умовы надвор’я ў час рэйду былі не самымі спрыяльнымі як для аўтамабілістаў, так і для пешаходаў – снег і галалёд. У такі перыяд трэба быць больш асцярожнымі і ўважлівымі ўсім удзельнікам дарожнага руху. На слізкай дарозе вадзіцелю няпроста спыняцца перад пешаходнымі пераходамі або скрыжаваннямі, здзяйсняць манеўры і кіраваць аўтамабілем у цэлым.

– Часта вадзіцелі не ўступаюць дарогу пешаходам на пешаходных пераходах. За гэта вадзіцель прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ад 1 да 5 базавых велічыняў, – тлумачыць Аляксандр Муха.

– Але ў Дзятлаўскім раёне не вельмі інтэнсіўны рух, нескладаная дарожная абстаноўка, асабліва ў працоўны час, таму здаецца, што ў нашай мясцовасці цяжка дапусціць памылку, – засумнявалася я.

– Гэта не так. У 2017 годзе на тэрыторыі раёна да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 20 вадзіцеляў за парушэнне правілаў манеўравання, 14 — за парушэнне правілаў праезду скрыжаванняў, 6 – за парушэнне правілаў праезду пешаходных пераходаў, – адзначыў дзяржаўтаінспектар.

У час сумеснага рэйду былі выяўлены 3 парушальнікі: 2 з іх парушылі правілы манеўравання і 1 – не прапусціў пешахода на пешаходным пераходзе. За гэтыя парушэнні вінаватыя атрымалі штраф – базавую велічыню.

Дарэчы, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі не толькі кантралявалі парушальнікаў, але і праводзілі з вадзіцелямі прафілактычныя гутаркі па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў, якія звязаны з парушэннямі правілаў праезду скрыжаванняў, пешаходных пераходаў, а таксама правілаў манеўравання.

Юлія БАКУНОВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *