І папарыцца, і чаю папіць

Падзеі

Карысць лазні для арганізма чалавека вядомая са старажытных часоў. Нашы далёкія продкі правільна лічылі, што рэгулярнае наведванне парыльні дазваляе ўмацаваць здароўе, пазбавіць арганізм ад шкодных рэчываў, захаваць маладосць і падоўжыць жыццё. Яна карысная як для фізічнага, так і для маральнага здароўя, гэта выдатнае месца для таго, каб надаць увагу сабе і свайму целу, аздаравіцца і павысіць настрой. Сапраўдныя аматары лазні сцвярджаюць, што прыняцце ванны ці душа ніколі не падорыць таго ж адчування лёгкасці, чысціні і абнаўлення, як наведванне парыльні.

Традыцыя хадзіць у лазню захавалася і ў нашы дні. Правесці выхадныя або проста адпачыць душой і целам можна ў абноўленай лазні ў аграгарадку Хвінявічы.

Старая лазня, 1960 года пабудовы, якая размяшчалася ў будынку былой ветэрынарнай лячэбніцы, ужо патрабавала добрага рамонту. Два гады таму Мікалай Бубноўскі, дырэктар КСУП “Хвінявічы”, на балансе якога знаходзіцца лазня, улічыўшы і меркаванні людзей, вырашыў яе аднавіць.

Была зроблена вялікая работа, і вось на пачатку гэтага года лазня зноў адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў.

У лазні з’явіўся вялікі пакой адпачынку, санвузел, якога, дарэчы, раней ніколі не было, ёсць мыйнае аддзяленне, парыльня, пакоі для пераапранання і для абслугоўваючага персанала.

Усе металічныя трубы заменены на поліпрапіленавыя, памянялі бакі для вады, уставілі пластыкавыя вокны, паклалі новую плітку. Сцены, а таксама лаўкі і шафкі – драўляныя, што вельмі радуе сапраўдных аматараў папарыцца, якія лічаць, што самая лепшая лазня павінна быць менавіта з дрэва, бо пах дрэва стварае асаблівую атмасферу, каларыт. Драўляную мэблю нам зрабілі на ТАА “Агражалезабетон”, за што вялікая ўдзячнасць работнікам і асабіста яго дырэктару Уладзіміру Сіневічу. Нават градуснік у парыльні драўляны.

Заўважу, што там ёсць і гігрометр – можна даведацца, якая вільготнасць паветра.

Таксама хочацца падзякаваць за выраб катлоў і дапамогу ў іх устаноўцы Слонімскаму ўпраўленню магістральных газаправодаў ААТ «Белтрансгаз» і яго кіраўніку Юрыю Бяссонаву.

У лазні працуюць два чалавеки – баншчык Станіслаў Муха і прыбіральшчыца Вера Губка. Нягледзячы на тое, што яны пенсіянеры, са сваімі абавязкамі спраўляюцца вельмі добра і адказна.

Радуе, што ў абноўленай лазні можна не толькі памыцца, але пасля і чаю папіць – дарэчы, абсалютна бясплатна. Любы жадаючы можа пачаставацца. У пакоі адпачынку знаходзіцца невялікая кухня, дзе самому можна прыгатаваць чай, каву. На асобным падносе стаіць драўлянае вядро з халоднай пітной вадой.

Новая лазня ў Хвінявічах адкрылася нядаўна, таму працуе пакуль адзін дзень на тыдзень – у суботу. З 15 гадзін 30 хвілін да 17 гадзін 30 хвілін могуць папарыцца жанчыны, а з 18 да 20 гадзін – мужчыны. Аднак гэта часова.

Калі будзе шмат наведвальнікаў, час працы можа і змяніцца. Магчыма, яна будзе працаваць два дні на тыдзень.

Дарэчы, у Хвінявіцкую лазню могуць прыходзіць, прыязджаць усе жадаючыя, а не толькі мясцовыя жыхары ці работнікі сельскай гаспадаркі. І цэны тут вельмі прывабныя: для дарослых уваходны білет каштуе 3 рублі, для дзяцей (да 14 гадоў) – 1 рубель.

Старшыня КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі таксама ўжо паспеў папарыцца ў новай лазні і застаўся вельмі задаволены. Ён упэўнены, што наведвальнікаў тут будзе шмат, і ўся работа па аднаўленні лазні была не дарэмная.

Аднак некаторыя дапрацоўкі яшчэ магчымыя, улічваюцца заўвагі і пажаданні наведвальнікаў. Мы плануем дэкарыраваць фасад лазні драўлянымі элементамі, паставіць дэкаратыўную агароджу. У гэтым нам дапамагае Леанід Шыпіла, за што яму вялікі дзякуй. Перад лазняй растуць бярозы, пасаджаныя былым намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Хвінявічы” Ірэнай Быстрыцкай. Мы будзем і далей добраўпарадкаваць тэрыторыю рознымі зялёнымі насаджэннямі: дрэвамі, кустамі.

Хочацца нагадаць, што два гады таму ў Рудзе Яварскай таксама была адкрыта адноўленая лазня, адрамантаваная сіламі КСУП “Хвінявічы”. Запрашаем усіх да нас у лазні па здароўе і добры настрой!

 

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



3 комментария по теме “І папарыцца, і чаю папіць

  1. О-о, бубновские бани обычно очень хороши. Надо съездить

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Цена дешевле чем в Дятлово. А если еще с кем-нибудь скооперироваться, так вообще отлично.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *