Дабрачыннасць як работа і стыль жыцця

Падзеі

У нашым раёне актыўна дзейнічаюць грамадскія арганізацыі. Адна з іх –  Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Гэта добраахвотнае рэспублiканскае грамадскае аб’яднанне, якое заснавана на інтарэсах грамадзян з мэтай вырашэння сацыяльных праблем.

Нядаўна старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі Чырвоны Крыж» Галіна Касцюк выступіла перад работнікамі Дзятлаўскай ЦРБ і кіраўнікамі пярвічных арганізацый з дакладам аб праведзенай за мінулы год рабоце.

Галіна Эдвардаўна расказала, што колькасць пярвічак Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ў раёне за 2017 год павялічылася на 6, і гэта добры паказчык. Яшчэ адным плюсам стала тое, што фінансавы план удалося выканаць на 100,64% дзякуючы актыўнаму ўдзелу членаў прэзідыума арганізацыі.

Выкананы план асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў, які быў узгоднены са старшынёй прэзідыума Дзятлаўскай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Марыяй Максімовіч. План прадугледжваў арганізацыйную працу, прыцягненне сродкаў і развіццё рэсурсаў, дзейнасць па сувязях з грамадскасцю, ахову здароўя, правядзенне мерапрыемстваў і акцый да значных дат і падзей, а таксама валанцёрскі рух.

У Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны 4 валанцёрскія атрады. Некаторыя валанцёры перыядычна аказваюць гаспадарча-бытавую і сацыяльную падтрымку адзінокім жыхарам раёна.

На працягу 2017 года ў Дзятлаўскім раёне развівалася дзейнасць такой гуманітарнай праграмы Чырвонага Крыжа, як догляд чалавека ў яго доме: працуе малодшая медсястра міласэрнасці Чырвонага Крыжа, на яе абслугоўванні знаходзяцца 8 падапечных.

ГА «Беларускі Чырвоны Крыж» аказвае дапамогу і жыхарам іншых краін. Так, у 2017 годзе мігрантам з Украіны была аказана дапамога ў выглядзе сертыфікатаў на прадукты харчавання і адзенне.

У наш раён таксама паступала замежная бязвыплатная дапамога ад Ісландскай і Швейцарскай арганізацый Чырвонага Крыжа. Асноўнымі атрымальнікамі гуманітарнай дапамогі з’яўляліся інваліды 1 і 2 групаў, інваліды дзяцінства, малазабяспечаныя грамадзяне, пенсіянеры з нізкім узроўнем дастатку, шматдзетныя і няпоўныя сем’і з нізкім узроўнем даходу, а таксама грамадзяне, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. У мінулым годзе гуманітарную дапамогу атрымалі 87 чалавек.

Два разы на год у Дварэц прыязджаюць прадстаўнікі з Галандыі і прывозяць прадуктовыя наборы для Чырвонага Крыжа. Наборы размяркоўваюцца сярод  тых, хто ў гэтым мае патрэбу.

Высокую сацыяльную значнасць мае сумесны праект Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, які накіраваны на лячэнне хворых з лекава ўстойлівымі сухотамі. У Дзятлаўскім раёне 2 жыхары атрымалі такую дапамогу.

Акрамя таго, штогод у маі праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа: арганізоўваюцца мерапрыемствы і акцыі, у якіх удзельнічаюць пярвічныя арганізацыі школ раёна. Напрыклад, віншуюць ветэранаў і аказваюць ім дапамогу. У рамках месячніка ў 2017 годзе таксама праводзіліся акцыі «Буккросінг», «Мяняю цыгарэту на цукерку», «Дадзім піву перадышку, возьмем у рукі сок і кніжку».

У чэрвені 12 каманд сельскагаспадарчых кааператываў спаборнічалі на званне лепшай санітарнай дружыны, а 3 лепшыя каманды атрымалі падарункі.

У час летняй спёкі валанцёры ўдзельнічалі ў акцыі «Вада для ўсіх»: раздавалі пітную ваду тым, хто адчуваў смагу. А на летніх канікулах у дзіцячых лагерах валанцёры праводзілі мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця.

Перад пачаткам школьнага года прайшла акцыя «Збяром партфель школьніку»: 10 дзяцей, якім патрэбна была дапамога, атрымалі канцылярскія наборы.

На бягучы год перад ГА «Беларускі Чырвоны Крыж» пастаўлена шмат новых задач, таксама будуць ажыццяўляцца праекты, якія былі паспяховымі ў папярэднія гады.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *