Артэрыяльная гіпертэнзія сустракаецца як у дарослых, так і ў падлеткаў.
У падлеткаў асноўным сімптомам павышанага ціску з’яўляецца галаўны боль. Не спяшайцеся ў такім выпадку даваць абязбольвальны прэпарат. Трэба памераць ціск, пры гэтым памятаць, што ў дзяцей і падлеткаў да 16 гадоў свае нормы ціску, і яны залежаць ад полу, узросту і вагі.
Памятайце, што ўначы паказчыкі ціску на 10–20% ніжэйшыя, чым удзень. Але ў любым выпадку паказчыкі не павінны перавышаць 140/90. Праўшы вымяраюць ціск на левай руцэ, ляўшы – на правай.
Мераць ціск трэба не менш за два разы і вывесці сярэдні паказчык. Паміж замерамі павінна прайсці некалькі хвілін. Першы паказчык, як правіла, у 90% людзей крыху завышаны. Перад вымярэннем ціску пажадана наведаць прыбіральню, бо перапоўнены мачавы пузыр можа ўплываць на паказчык. Таксама пажадана не ўжываць спіртное, не курыць і не піць каву. У час вымярэння нельга размаўляць, скрыжоўваць ногі. Трэба сесці і пастарацца расслабіцца. Манжэта павінна знаходзіцца на руцэ на ўзроўні сэрца. Пры гэтым рука павінна быць сагнутая пад вуглом 90 градусаў, прычым абавязкова ляжаць.
Алена ЯКУБОЎСКАЯ, доктар-неўролаг Дзятлаўскай ЦРБ.
Наталля ЮРЭНЯ, валеолаг Дзятлаўскага РайЦГЭ