Невялікія гарадскія пасёлкі, такія, як Наваельня, жывуць сваім жыццём, часам, незразумелым чалавеку “заезджаму”. Затое практычна ўсе наваельнянскія таямніцы добра вядомы ўчастковаму інспектару міліцыі Андрэю Жынко, які імкнецца быць у курсе ўсяго «дрэннага», што адбываецца на яго адміністрацыйным участку. На гэты раз супрацоўнік міліцыі знаёміць карэспандэнтку газеты “Перамога” з асаблівасцямі жыцця гарадскога пасёлка і яго “галоўнымі героямі і дзеючымі асобамі”.
Запланаваная “экскурсія” адбылася па прычыне таго, што супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама праводзілі комплексную адпрацоўку Наваельнянскага сельскага савета з удзелам спецыялістаў іншых службаў прафілактыкі. Акрамя супрацоўнікаў розных падраздзяленняў міліцыі ў склад рабочых групаў увайшлі спецыялісты РАНС, электрасетак, сацыяльнай, газавай службаў, педагогі, медыкі, работнікі сельвыканкама. Удзельнікі рэйда падзяліліся на тры маршруты. Варта адзначыць, што комплексная адпрацоўка Наваельнянскага сельсавета супала з днём работы аглядавай камісіі сельвыканкама, таму работа вялася па ўсіх накірунках прафілактыкі.
На тэрыторыі адміністрацыйнага ўчастка праверылі бяспеку дарожнага руху, ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку, маніторынг аб’ектаў гандлю на прадмет іх тэхнічнай умацаванасці, праводзілі міжведамаснае абследаванне домаўладанняў асобаў, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, беспрацоўных, раней судзімых грамадзян, сацыяльна ненадзейных сем’яў. Асаблівая ўвага была скіравана на пажылых людзей, якія жывуць разам з так званай “групай рызыкі”, а таксама на адзінокіх пажылых грамадзян. З імі правялі індывідуальныя гутаркі: тлумачылі, як засцерагчыся ад супрацьпраўных замахаў, куды звяртацца па дапамогу. Па месцы жыхарства наведалі і працаздольных асобаў, якія жывуць за кошт пенсій сваіх бацькоў. З мэтай прафілактыкі супрацьпраўных паводзінаў праверылі занятасць непаўналетніх у вольны ад вучобы час. Для ўстанаўлення асобаў, якія займаюцца незаконным абаротам алкагольнай прадукцыі, агледзелі домаўладанні і гаспадарчыя пабудовы грамадзян, якія раней былі адміністрацыйна пакараны за падобныя парушэнні.
У такім “аўральным” рэжыме час ляціць незаўважна. Гадзіна за гадзінай – і ты ўжо ў курсе ўсіх складаных жыццёвых сітуацый аднаго невялікага пасёлка. Мае калегі па рэйду кажуць, што сёння ў нас такі напружаны графік, таму што разам працуе аглядавая камісія.
Накіроўваемся да шматкватэрных дамоў. Не заўжды шанцуе, але дома знаходзіцца пераважная большасць гаспадароў, кватэры якіх запланавана праверыць. Наша група асаблівых парушэнняў не знаходзіць, бо аглядавая камісія Наваельнянскага сельвыканкама працуе даволі актыўна: па выніках работы за 2017 год заняла трэцяе месца ў раёне. Для ўчастковага інспектара міліцыі, наадварот, шырокі “фронт работы”. У некаторых жанчын-пенсіянерак Андрэй Жынко цікавіцца, дзе іх сыны, ці часта выпіваюць, ці не “крыўдзяць”, не забіраюць грошы. Маці нам не скардзяцца, некаторыя нават падхвальваюць сваіх дарослых дзяцей, маўляў, п’юць не часта, дапамагаюць па гаспадарцы. Аднак міліцыянер уважліва прыглядаецца да жанчын, да хатняй абстаноўкі, каб не прапусціць “вострых” сямейных момантаў.
У параўнанні з добраўпарадкаванымі кватэрамі прыватны сектар выглядае больш сціпла. Вядома, у дбайных гаспадароў і тут парадак, але мы заходзім да тых, хто пазначаны ў спісе як “аб’ект прафілактыкі”, таму часам даводзіцца здзіўляцца. Асабліва ўражваюць некалькі домаўладанняў, дзе са словамі “ўборка і чысціня” гаспадары, здаецца, увогуле не знаёмы. На шчасце, у іх няма непаўналетніх дзяцей. Робім людзям адпаведныя заўвагі і ідзём далей.
Каля мясцовага магазіна кампанія з трох мужчын нешта гучна абмяркоўвае. Участковы інспектар міліцыі пазнае “герояў” і набірае тэлефонны нумар, каб пацікавіцца наконт аднаго з іх, на якога, магчыма, рыхтуюцца дакументы для накіравання ў ЛПП. Праваахоўнік застаецца, каб правесці прафілактычную размову, а мы накіроўваемся ў сельвыканкам для сустрэчы з іншымі групамі.
У вячэрні час (пасля работы) міліцыя яшчэ завітае да раней судзімых жыхароў сельсавета, якія стаяць на прафілактычных уліках у райаддзеле, а таксама праверыць работу вартавой аховы мясцовых прадпрыемстваў. Але гэта яны зробяць без нас.
Вядома, адна комплексная адпрацоўка не вырашае ўсіх праблем гарадскога пасёлка, але навесці парадак і «аздаравіць» тут аператыўнае становішча агульнымі намаганнямі атрымаецца на доўгі час. Вялікая ўвага ў час такіх рэйдаў надаецца ранейшым парушальнікам. Менавіта яны зноў могуць пайсці красці, узяцца за нож, сесці ў п’яным выглядзе за руль. А задача міліцыі якраз-такі гэтага не дапусціць.
Ірына СТЫРНІК