Адказваюць за тое, як лечаць

Падзеі

У Дзятлаўскай раённай бальніцы падвялі вынікі дзейнасці за 2017 год і абмеркавалі меры па паляпшэнню медыцынскага забеспячэння насельніцтва раёна.

Сход прайшоў пры ўдзеле намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча, галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Марыі Максімовіч, выконваючай абавязкі галоўнага дўоктара раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людмілы Лазоўскай.

У мінулым годзе работа медыцынскай установы была накіравана на выкананне пастановы калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і мерапрыемстваў, закладзеных у дзяржаўную праграму «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь».

Установа аховы здароўя «Дзятлаўская ЦРБ» прадстаўляе сабой 28 лячэбна-прафілактычных установаў, якія абслугоўваюць 24638 жыхароў.

Галоўны доктар у сваім дакладзе адзначыла, што ў 2017 годзе зменшылася агульная колькасць насельніцтва раёна. Гэта звязана з узроставай структурай насельніцтва, экалагічным становішчам і патрабуе ад службы аховы здароўя максімальных сіл і сродкаў для правядзення шырокага комплексу лячэбных, аздараўленчых і прафілактычных мерапрыемстваў.

У нашым раёне медыцынскую дапамогу аказвае 81 доктар.

У 2017 годзе на працу прыбылі 8 дактароў, 5 з іх — маладыя спецыялісты: 2 тэрапеўты, анколаг, траўматолаг, стаматолаг.

Нядаўна пасля праходжання інтэрнатуры на першае працоўнае месца прыбыло таксама 5 дактароў: акушэр-гінеколаг, оталарынголаг, неўролаг і 2 доктары агульнай практыкі. Усім маладым спецыялістам даецца магчымасць прафесійнага росту, павышэння кваліфікацыі, атэстацыі.

На новае месца працы прыбылі 18 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

Актыўна заключаюцца і дагаворы на мэтавую падрыхтоўку. Так, у 2017 годзе заключана 12 дагавораў на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 4 — з сярэдняй.

Медыкі не перастаюць развіваць свае прафесійныя навыкі: 55% доктараў і 68% сярэдніх медработнікаў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі.

Праца ў сферы аховы здароўя — гэта няспынная сувязь з людзьмі, таму на базе метадычнага кабінета працуюць «Гарачыя тэлефонныя лініі». У мінулым годзе туды паступалі пытанні наконт вадзіцельскай камісіі і аб прыёмах дактароў. Таксама ёсць графік прыёму грамадзян, і ў мінулым годзе было прынята 28 чалавек.

Паступалі пісьмовыя звароты грамадзян. Задавалі пытанні аб медабслугоўванні, выказвалі падзякі.

Каб даведацца, наколькі жыхароў раёна задавальняе праца сістэмы аховы здароўя, у Дзятлаўскай ЦРБ праводзілася ананімнае анкетаванне. Ім было ахоплена 1022 чалавекі. Як вынік — 80% рэспандэнтаў ацанілі паляпшэнне даступнасці і якасці прапанаваных медыцынскіх паслуг.

Якасць медпаслуг залежыць і ад абсталявання, таму на працягу мінулага года паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база і былі набыты 32 адзінкі медыцынскага абсталявання.

У раённай паліклініцы функцыянуе лакальная камп’ютарная сетка, падключана праграма «Электронны рэцэпт». Ступень гатоўнасці арганізацыі да вядзення электронных амбулаторных карт складае 100%, электронных гісторый хваробы — 53%.

На прыём да спецыялістаў можна запісацца праз інтэрнэт, да яго далучаны ўсе паліклінікі і амбулаторыі раёна.

Немалаважны факт, што забяспечанасць брыгадамі хуткай дапамогі ў Дзятлаўскім раёне складае 100%. Усяго функцыянуюць 3 брыгады. На адну брыгаду прыходзіцца 8200 чалавек пры нарматыве 12000. За мінулы год зменшылася колькасць выклікаў хуткай дапамогі на 16,7%.

Калі ёсць неабходнасць шпіталізаваць пацыента, то ў раёне функцыянуе 261 койка, у тым ліку 45 ложкаў сястрынскага догляду.

Работнікамі Дзятлаўскай ЦРБ выкананы ўсе параметры рэгіянальнай праграмы дзяржаўнай гарантыі па забеспячэнні грамадзян Беларусі даступным медыцынскім абслугоўваннем.

Нарматыў па лячэнні ў дзённым стацыянары выкананы на 115,5%, па лячэнні хворых у стацыянарах на даму — на 101,8%, па лячэнні хворых у стацыянары кругласутачнага знаходжання — на 107,2%.

Асноўны паказчык працы медыкаў — дэмаграфічны. За 2017 год у раёне памерла 550 чалавек. У параўнанні з 2016 годам агульная смяротнасць зменшылася на 3,7%. Сярэдні ўзрост памерлых у раёне — 73,5 года. Асноўнымі прычынамі агульнай смяротнасці сталі хваробы сістэмаў кровазвароту, новаўтварэнні, хваробы органаў дыхання, органаў стрававання і знешнія прычыны.

У 2017 годзе выяўлены 122 выпадкі новых анкалагічных захворванняў.

У Дзятлаўскай ЦРБ ёсць станоўчыя вынікі ў супрацьтуберкулёзнай службе. Першаснае захворванне на актыўныя сухоты было выяўлена ў 9 чалавек, а ў 2016 годзе яно было ў 22.

Адной з асноўных задач медыцынскай службы на 2018 год стане забеспячэнне зніжэння агульнай смяротнасці шляхам абследавання насельніцтва, прапановы ім неабходных медыцынскіх методык. Таксама са здаровымі людзьмі медыкі ставяць задачу праводзіць прафілактычныя гутаркі аб тым, наколькі важна берагчы сваё здароўе. Марыя Максімовіч адзначыла, што ў прафілактыцы або лячэнні павінны быць зацікаўлены як медыкі, так і пацыенты.

Што тычыцца дыспансерызацыі ў раёне, то праца па дыспансерным назіранні дарослага насельніцтва Дзятлаўскага раёна ў цэлым здавальняючая. Эфектыўнасць праводзімых мерапрыемстваў па выяўленні хранічных захворванняў палепшылася.

Нагляд за выкананнем санітарных нормаў і вывучэнне стану здароўя насельніцтва выконвае санітарна-эпідэміялагічная служба. Выконваючая абавязкі галоўнага доктара раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Людміла Лазоўская расказала пра тое, што ў мінулым годзе былі праведзены рамонтныя работы на харчблоках раённых арганізацый, закуплена новае неабходнае абсталяванне.

Зменшылася колькасць парушэнняў санітарных нормаў на прадпрыемствах раёна.

Адной з праблем у 2017 годзе быў адзначаны рост шаленства хатніх і дзікіх жывёл. Для прафілактыкі шаленства на ўлік пастаўлены 7236 хатніх жывёл, прышчэплена 2913. Таксама адлоўлена 228 безнаглядных жывёл.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці райЦГЭ — аздараўленне дзяцей, іх харчаванне ва ўстановах адукацыі. Гэтаму ў новым годзе будзе нададзена асаблівая ўвага.

У канцы справаздачнага сходу Ігар Кухарэвіч звярнуў увагу на тое, што неабходна вырашыць праблему кадравага пытання ва ўстанове аховы здароўя. Адзін з варыянтаў вырашэння — праца па прафарыентацыі ў школах і выяўленне жадаючых паступаць у медыцынскія ўстановы адукацыі. Ігар Станіслававіч прапанаваў надаць увагу і мэтавым накіраванням. Таксама ён адзначыў, што не заўсёды ствараюцца спрыяльныя ўмовы для маладых спецыялістаў, і заклікаў вопытных медыкаў дапамагаць малодшым калегам асвойвацца ў прафесіі.

Таксама намеснік старшыні райвыканкама звярнуў увагу на тое, што трэба прыкласці больш намаганняў для памяншэння агульнай смяротнасці насельніцтва.

— Самае галоўнае — не павінна быць абыякавасці з боку медыкаў. Уважлівыя і добразычлівыя адносіны да пацыентаў аказваюць добры ўплыў на іх стан здароўя, — сказаў Ігар Кухарэвіч.

Адным з прыемных момантаў нарады стала падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу стану аховы працы ў структурных падраздзяленнях ўстановы аховы здароўя «Дзятлаўская ЦРБ» у 2017 годзе.

Першае месца заняла Казлоўшчынская гарадская бальніца, другое — Дзятлаўская раённая паліклініка, а трэцімі сталі тэрапеўтычнае аддзяленне №2 і аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі і аднаўленчага лячэння.

Планаў на 2018 год у Дзятлаўскай ЦРБ вельмі шмат, і ёсць перадумовы да таго, што на наступным справаздачным сходзе паказчыкі работы раённых медыкаў зноў павялічацца.

Юлія БАКУНОВІЧ
Фота прадаставіў Валерый МАКАРЧЫК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *