Абласная інфармацыйная група, якую ўзначаліў дырэктар гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблсаюздрук” Павел Скрабко, сустрэлася з жыхарамі Жукоўшчынскага сельскага савета, а ў другой палове дня ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава – з работнікамі адукацыі.
Павел Скрабко расказаў прысутным аб выніках работы і дасягненнях Гродзенскай вобласці за апошнія пяць гадоў, узгадаў самыя значныя інвестпраекты пяцігодкі, акрэсліў задачы надалей.
Намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Навагрудскім раёне Іван Гірык нагадаў, што падатковая палітыка з’яўляецца неад’емнай часткай сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны, таму развіваецца і змяняецца разам з прыярытэтамі дзяржавы. Паляпшэнню дзелавога клімату ў Беларусі паспрыялі прынятыя ў апошні час нарматыўныя дакументы Кіраўніка дзяржавы, скіраваныя на лібералізацыю эканомікі і стварэнне ўмоваў для развіцця бізнэсу. Сярод іх Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь N345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», які спрасціў парадак падаткаабкладання індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый, што ажыццяўляюць такую дзейнасць на тэрыторыі сельскай мясцовасці і малых гарадскіх паселішчаў. Указ №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асобаў” істотна пашырыў пералік відаў дзейнасці, якія грамадзяне маюць права ажыццяўляць без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Указ №364 “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці” скіраваны на развіццё народных промыслаў, захаванне і памнажэнне традыцый ручной працы, далучэнне працаздольнага насельніцтва да эканамічнай дзейнасці за кошт стварэння дадатковых умоваў для самазанятасці. Указ №365 “Аб развіцці аграэкатурызму” спрыяе развіццю аграэкатурызму ў нашай рэспубліцы, што садзейнічае павышэнню як турыстычнай прывабнасці краіны, так і ўключэнню ў эканамічную дзейнасць насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі сельскай мясцовасці. Для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці ў Беларусі прыняты Дэкрэт Прэзідэнта №7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва”.
Інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Бобін звярнуўся да прысутных з заклікам не выходзіць на тонкі лёд і сачыць, каб гэтага не рабілі дзеці. У 2017 годзе ў Рэспубліцы Беларусь патанулі 375 чалавек (з іх 92 – непаўналетнія), у Гродзенскай вобласці – 44 чалавекі (з іх 3 – дзеці), у Дзятлаўскім раёне патануў адзін чалавек. З 2004 па 2017 год у раёне патанула 66 чалавек, з іх 2 – дзеці. 59 чалавек патанулі ў нецвярозым стане.
У 2018 годзе ў Беларусі на лёдзе ўжо загінулі 9 чалавек (6 рыбакоў, 2 дзіцяці, якія выйшлі на тонкі лёд, і дарослы чалавек, які катаўся на каньках), 32 чалавекі цярпелі бедства, але былі выратаваны.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара