Векавы шлях праз выпрабаванні лёсу

Падзеі

31 студзеня 1918 года ў пакоі небагатай сялянскай хаты вёскі Вензавец упершыню падала свой тоненькі галасок дзяўчынка. Яна нарадзілася восьмым дзіцём у шматдзетнай сялянскай сям’і і пасля святога хрышчэння ў касцёле атрымала імя Юлія. Пакуль маленькую Юлю гушкалі на руках зрэдку маці, часцей — старэйшыя дзеці, ніхто з іх не здагадваўся, што дзяўчынцы Богам наканаваны доўгі векавы лёс, што перад яе вачамі пройдуць многія гістарычныя падзеі, на якія было так багата ХХ стагоддзе, праўда, і саму Юлію (па бацьку — Фларыянаўну) не мінуць шматлікія выпрабаванні.

Напярэдадні свайго стогадовага юбілею Юлія Фларыянаўна Гульнік узгадвае, што ўсяго ў яе бацькоў нарадзілася 11 дзяцей, аднак трое памерлі ў Першую сусветную вайну. Жыла сям’я небагата, але хлеба хапала заўсёды. А каб на яго зарабіць, усе старанна і шмат працавалі, трымалі ўласную гаспадарку.

Нягледзячы на сялянскае паходжанне, Юлія атрымала пачатковую адукацыю — паспяхова скончыла чатыры класы польскай школы ў Вензаўцы. Настаўнік угаворваў кемлівую дзяўчынку прадоўжыць вучобу, але бліжэйшая сямігодка знаходзілася ў Дзятлаве, а сям’я не магла дазволіць сабе ўтрыманне навучэнкі.

Так скончылася Юліна школа, і пачаліся жыццёвыя ўніверсітэты. Дзяўчына працавала па гаспадарцы, пасвіла кароў. Калі ёй споўнілася 16 гадоў, памёр бацька. Замуж маці аддавала дачку адна. Хоць родныя былі католікамі, Юлія пабралася шлюбам з праваслаўным хлопцам, вянчаліся маладыя ў царкве ў 1940 годзе.

Спачатку маладой пары давялося жыць з бацькамі мужа ў Жадзейках. Гэта таксама была шматдзетная сялянская сям’я, таму маладажоны прыкладалі шмат намаганняў, каб хутчэй пайсці на свой хлеб. Уласную хату пабудавалі недалёка ад бацькоўскай усё ў тых жа Жадзейках.
У Юліі Фларыянаўны нарадзілася трое дзяцей: старэйшая дачка і двое сыноў, аднак адзін з хлопчыкаў памёр немаўляткам ва ўзросце адзінаццаці месяцаў. Смерць дзіцяці болем прайшла праз сэрца маці. На жаль, гэта была не апошняя страта жанчыны.
Падрасталі дзеці. Дачка вывучылася на медыцынскую сястру, сын працаваў прарабам у меліярацыі. Дзеці стварылі ўласныя сем’і.

І вось гора зноў пастукалася ў дзверы Юліі Фларыянаўны. На трыццаць восьмым годзе жыцця памерла дачка, пакінуўшы сіратой дзесяцігадовага сына. Маці ўнуку замяніла бабуля. Яна вырасціла Алега годным чалавекам. Ён быў ваенным лётчыкам, цяпер звольнены ў запас, жыве і працуе ў Калінінградзе. Кожнае лета ўнук прыязджае да бабулі, забірае яе ў Жадзейкі на ўвесь водпуск, рэгулярна телефануе, каб павіншаваць са святамі.

Шчаслівай старасці пры адзіным сыне ў Юліі Фларыянаўны таксама не атрымалася: Пётр памёр у 55 гадоў. Мужа жанчына пахавала ў 1995-ым.

Застаўшыся адна, доўгі час трымала гаспадарку, спраўлялася са многімі цяжкасцямі. У 93 гады Юлія Фларыянаўна адчула, што сілы ўжо не тыя, што самой складана і ваду прыносіць, і ў печы паліць.

— Тады я і пайшла на «лёгкі хлеб», — зазначае жанчына, маючы на ўвазе жыццё ў Казлоўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Цяпер у аддзяленні жывуць 30 чалавек. Тыя, каму давялося тут пасяліцца, маюць права ў любы момант зноў вярнуцца дахаты. Некаторыя пажылыя людзі знаходзяцца ў аддзяленні зімой, пакуль не скончыцца ацяпляльны сезон, а на лета вяртаюцца ў вёску. Ёсць і тыя, хто вызначыў для сябе, што лепш не будзе ўжо нідзе. Такіх называюць «старажыламі», некаторыя з іх засяліліся ў аддзяленне яшчэ ў час яго адкрыцця — у красавіку 2008 года.

Скончыўся аповед пра дні мінулыя, пачалася гаворка пра наш час, і да мяне падступаюць сяброўкі Юліі Фларыянаўны, яе суседкі па аддзяленні. Яны расказваюць, што бабуля Юлія яшчэ многім маладым «дасць фору»: жыве пры памяці, на сваіх нагах, сама сябе абслугоўвае, не забылася малітвы.

Калі пытаюся ў пажылых жанчын, чым яны звычайна займаюцца, захапляюцца, Таццяна Іванаўна Сідорчык, дарэчы, таксама студзеньская юбілярка 2018 года, якой нядаўна адсвяткавала 70-годдзе, адказвае, што пастаянна чытае сяброўкам кнігі, пераважна духоўнага зместу, газеты, у тым ліку «раёнку». Літаратуру жыхарам аддзялення спраўна дастаўляюць работнікі Казлоўшчынскай бібліятэкі, за што пажылыя людзі ім вельмі ўдзячныя. А вось мясцовыя мужчыны часцей аддаюць перавагу тэлевізару. З любоўю мудрыя людзі адносяцца да прыроды і жывёлін. Расказваюць мне, што пашкадавалі сабачку, які «прыбіўся» да аддзялення, пабудавалі яму будку. Кормяць таксама некалькі коцікаў. Калі спрыяе надвор’е, любяць прагуляцца па вуліцы. Мясціны тут прыгожыя, побач знаходзіцца лес. Праўда, не ўсім даюцца пешыя прагулкі, бо цяжка пасля іх паднімацца на другі паверх.

На жыццё жыхары аддзялення не скардзяцца, наадварот шчыра ўдзячныя за клопаты дырэктару Цэнтра Таццяне Нікіпорчык, загадчыцы аддзялення Валянціне Белай і ўсяму персаналу, які штодзень аб іх клапоціцца, робіць іх «восень жыцця» спрыяльнай і цёплай. Як прыклад прыводзяць былую работніцу аддзялення Соф’ю Матылевіч. Яна адпрацавала тут 10 гадоў, выйшла на пенсію, аднак прадаўжае наведваць сваіх падапечных. Словы падзякі пажылыя людзі адрасуюць таксама работнікам мясцовай бальніцы, у прыватнасці Таццяне Туровіч, якая не пакідае жыхароў аддзялення без увагі, старанна падтрымлівае іх здароўе.
Доўгажыхарцы Юліі Фларыянаўне Гульнік калектыў і жыхары аддзялення зычаць моцнага здароўя на многія гады і ўсіх зямных даброт.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *