На мясцовых выбарах 2018 года конкурс у абласных Саветах дэпутатаў на адну акругу складае ў сярэднім 2,4 чалавека на месца, паведаміла сёння старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры праграмы «Актуальны мікрафон» Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Як адзначыла Лідзія Ярмошына, мясцовыя выбары з’яўляюцца найбольш складанымі з тэхнічнага пункту гледжання, на месцах трэба сабраць і апрацаваць даволі вялікі аб’ём даных, у сувязі з чым дакладная колькасць вылучэнцаў па ўсёй Беларусі пакуль не прыводзіцца. На гэты час рэгіёны змаглі прадставіць інфармацыю аб колькасці вылучаных кандыдатаў толькі па абласных Саветах, а таксама па горадзе Мінску. «Калі параўноўваць іх з выбарамі чатырохгадовай даўнасці, можна сказаць, што вылучэнцаў у ходзе гэтай выбарчай кампаніі па рэгіёнах у цэлым больш. Інакш кажучы, у сярэднім 2,4 кандыдата на адну выбарчую акругу ў абласныя Саветы, у Мінскі гарадскі Савет — больш за 6 чалавек прэтэндуюць на адно месца», — расказала старшыня ЦВК.
Паводле яе слоў, сярод тых, хто выказаў жаданне балаціравацца на дэпутацкую пасаду, прадстаўнікі розных слаёў грамадства і прафесій. Гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі, кіраўнікі таварыстваў уласнікаў. Ёсць і беспрацоўныя. Пры гэтым найбольш актыўна вылучаліся прадстаўнікі сферы адукацыі, культуры і аховы здароўя.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што самымі ініцыятыўнымі на этапе вылучэння сталі ўдзельнікі палітычнай кампаніі па горадзе Мінску, у чым вялікая заслуга гарадскіх улад, якія стварылі для гэтага «вельмі добрыя ўмовы». Напрыклад, была прадастаўлена максімальна вялікая колькасць месц для арганізацыі пікетаў па зборы подпісаў. Больш таго, з улікам умоў надвор’я было дазволена праводзіць іх нават у падземных пераходах, дзе, як правіла, грамадска-масавыя мерапрыемствы не дапускаюцца. Акрамя таго, менавіта ў сталіцы актыўна праходзіць партыйнае жыццё.
Цяпер на мясцовых выбарах праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання, гэты этап прадоўжыцца па 18 студзеня. Паводле слоў старшыні Цэнтрвыбаркама, рэгістрацыя — не імгненны акт, і гэта звязана галоўным чынам з тым, што ўсе кандыдаты, пачынаючы з раённага ўзроўню, здаюць дэкларацыі аб даходах і маёмасці, якія грунтоўна правяраюць упаўнаважаныя службы. Дэкларацыі аб даходах зарэгістраваных кандыдатаў будуць абавязкова даведзены да ведама выбаршчыкаў, запэўніла Лідзія Ярмошына.
Пасля рэгістрацыі кандыдаты маюць права пачынаць вядзенне перадвыбарнай агітацыі — выкарыстоўваць для гэтага сродкі масавай інфармацыі, вырабляць і распаўсюджваць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы, праводзіць масавыя мерапрыемствы ў паведамляльным парадку (сходы, мітынгі, пікетаванне), сустракацца з выбаршчыкамі і г.д. Дапамогу ў вядзенні агітацыі кандыдатам могуць аказваць іх давераныя асобы (давераных асоб можа быць да пяць ў кожнага прэтэндэнта на дэпутацкую пасаду).
Агітацыя прадоўжыцца па 17 лютага ўключна. На наступны дзень, 18 лютага, пройдуць мясцовыя выбары. У агульнай колькасці паміж удзельнікамі кампаніі будзе размеркавана крыху больш за 18 тыс. мандатаў.
На папярэдніх мясцовых выбарах у 2014 годзе кандыдатамі ў дэпутаты ў Беларусі былі вылучаны 22,7 тыс. чалавек.