Памаліцца і вады асвячонай набраць

Падзеі

Пасля таго як Iсус Хрыстос, хрысцiўшыся, выходзiў з вады i малiўся, Iаану дадзена было ўбачыць, што нябёсы расхiнулiся i Дух Божы ў выглядзе голуба сышоў на Iсуса. Пры гэтым з нябёс пачуўся голас: “Гэта Сын Мой Улюбёны, Якога Я ўпадабаў” (Мф. 3, 17).

У аграсядзібе “Каля дуба” Сяргея і Жанны Калпінскіх, што ў Цяцейках, напярэдадні Вадохрышча традыйцыйна ў лёдзе на мясцовым возеры высеклі палонку ў выглядзе крыжа — Іардань. На святое асвячэнне вады дзверы аграсядзібы былі расчынены для ўсіх праваслаўных вернікаў, хто прыйшоў запаліць свечку, памаліцца і, вядомая справа, набраць хрышчэнскай вады. Знаёмыя Жанны і Сяргея, жыхары бліжэйшых населеных пунктаў, таксама райцэнтра скарысталіся такой магчымасцю ўшанаваць вялікае хрысціянскае свята.

Па шматгадовай традыцыі асвячэнне вады тут правёў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц іерэй Сергій Антошкаў. Святар нагадаў прысутным аб веры хрысціян, што святая вадохрышчанская вада валодае асаблівымі ўласцівасцямі: надае чалавеку сілы, здароўе падмацоўвае, ад хвароб вылечвае.

крещение, вода, свечи

освящение, священник, зима, крещение, обряд

— Асвячэнне вады – не проста абрад. Як і ў кожным таінстве, тут адбываецца сустрэча чалавека з Богам, а значыць, яго асвячэнне і абнаўленне. Нават тыя, хто скептычна ставіцца да рэлігійных абрадаў, накіроўваюцца ў гэты дзень да бліжэйшага храма, каб набраць святой вадзіцы. Вялікае значэнне надаецца ў гэтыя святочныя дні і купанню ў Іардані – вадаёме або прасечанай у ім палонцы ў выглядзе крыжа. Галоўнае пры гэтым – не аднесціся да купання як да “спартыўнага” подзвігу. Варта разумець, што гэта акунанне не ачышчае, як некаторыя думаюць, ад грахоў. Ачышчае ад грахоў пакаянне, — адзначыў айцец Сергій.

Па завяршэнні малебна айцец Сергій асвяціў ваду, павіншаваў людзей са святам, і кожны з прысутных змог набраць чыстай асвячонай вады з сабою, а хтосьці і акунуцца ў крыжападобнай палонцы.

Пасля ў душэўнай, спакойнай гутарцы гаспадары частавалі ўсіх гасцей дамашнімі піражкамі і чаем на травах з самавараў, загадзя распаленых дровамі.

самовар, чай, чаепитие, воздух

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *