Новае пажарнае аварыйна-выратавальнае дэпо ў Дзятлаве

Падзеі

Апошнім часам амаль усіх жыхароў Дзятлава цікавіць пытанне: што будуецца побач з магазінам “Еўраопт” па вуліцы Слонімскай? Як высветлілася, тут размесціцца новае пажарнае аварыйна-выратавальнае дэпо. Больш падрабязную інфармацыю аб новабудоўлі нашым чытачам паведаміў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце Сяргей Казушчык.

— Будаўніцтва вядзе генеральны падрадчык дзяржаўнага прадпрыемства “Шчучынскі МПМК-167”. Плошча тэрыторыі складзе больш за 1 гектар. На ёй размесціцца двухпавярховы будынак Дзятлаўскага РАНС, у склад якога ўвойдуць адміністрацыйная частка і службовыя гаражы для чатырох пажарных аўтамабіляў. Акрамя таго, на тэрыторыі будуць пабудаваны асобныя гаражы для службовых аўтамабіляў.

Каб заўсёды быць гатовым дапамагчы, ратаўнікі павінны быць у выдатнай фізічнай форме, таму што будні ратаўнікоў — гэта не толькі рэгулярныя выезды на здарэнні, але і пастаянныя трэніроўкі. Таму для правядзення заняткаў з асабовым саставам прадугледжана вучэбна-трэніровачная база: валейбольная пляцоўка, вучэбная вежа, 100-метровая паласа з перашкодамі, бегавыя дарожкі.

У новым пажарным аварыйна-выратавальным дэпо будуць створаны не толькі добрыя ўмовы для нясення службы, але і належныя бытавыя ўмовы. Тут прадугледжаны пакой для псіхалагічнай разгрузкі і адпачынку, памяшканне для прыняцця душа і мыцця службовага адзення.

Будаўніцтва плануецца завяршыць да канца 2018 года.
Пасля здачы аб’екта ў эксплуатацыю навучэнцы школ нашага горада і раёна змогуць прыходзіць да нас на экскурсію. Акрамя таго, мы запрашаем на службу і пастаноўку ў рэзерв кадраў аддзела юнакоў да 28 гадоў, якія служылі ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і адпавядаюць маральна-дзелавым якасцям супрацоўніка МНС.

Таццяна ГРЫЦУК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *