Вядома больш за сто вірусаў герпесу, аднак найчасцей сустракаюцца вірусы першага і другога тыпаў, якімі інфіцыравана каля 90 працэнтаў насельніцтва, і прыкладна кожны чацвёрты-пяты чалавек ведае пра гэта.
Захворванне мае клінічныя праяўленні: на скуры з’яўляюцца высыпанні, якія праз некалькі дзён “падсыхаюць”. У арганізм інфекцыя трапляе некалькімі шляхамі — палавым, паветрана-кропельным, праз плацэнту ад маці да дзіцяці або ў час пералівання крыві. Вірус ужо ніколі не пакідае арганізм, але галоўнае, каб ён не праяўляўся.
Трэці тып віруса з’яўляецца ўзбуджальнікам ветраной воспы і апаясвальнага лішая. Першая хвароба сустракаецца ў дзяцей, другая — у сталых людзей. Праяўляецца трэці тып высыпаннямі ў зоне міжрабрынных нерваў, на галаве, твары, канечнасцях.
Важна атрымаць супрацьвірусную тэрапію ў першыя 48 гадзін, калі яна будзе найбольш эфектыўная. Разам з тым прызначаецца і вітамінатэрапія — антыаксідантны комплекс, біягенныя стымулятары для агульнага ўмацавання. Безумоўна, рэкамендуецца здаровы лад жыцця, рэжым сну, працы і адпачынку, а таксама харчаванне, багатае на агародніну і садавіну. Акрамя таго, неабходна лячыць і ўсе іншыя хранічныя захворванні.
Стрэс, пераахаладжэнне, злоўжыванне алкаголем, дыеты — усё гэта будзе правакаваць рэцыдыў.
Дадатковыя рэкамендацыі:
не траўмуйце балячкі;
насіце мяккае, не раздражняльнае адзенне;
добра мыйце рукі пасля таго, як дакрануліся да пашкоджанага ўчастка;
карыстайцеся індывідуальнымі прадметамі гігіены;
не дапускайце выпадковых палавых кантактаў.
Вераніка ЕМЯЛЬЯНЧЫК,
доктар-дэрматавенеролаг Дзятлаўскай ЦРБ