Законам Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы” ўстаноўлена, што наймальнік павінен забяспечыць бяспеку пры эксплуатацыі тэрыторыі, будынкаў, збудаванняў. Пры гэтым, калі тэрыторыя, будынкі, збудаванні або абсталяванне выкарыстоўваюцца некалькімі наймальнікамі, то абавязак па забеспячэнні патрабаванняў па ахове працы выконваецца імі сумесна на падставе пісьмовага пагаднення.
Нарад-допуск на работы
Зімой асабліва актуальным становіцца пытанне ачысткі даху ад снегу і лёду. Гэты від работ адносіцца да работ з павышанай небяспекай, што патрабуе выканання спецыяльных арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, а таксама пастаяннага кантролю за выкананнем. Адпаведна, павінен афармляцца нарад-допуск, у якім вызначаецца месца правядзення работ з павышанай небяспекай; умовы бяспечнага выканання; час пачатку і заканчэння работ; састаў брыгады або асобаў, якія працуюць; адказныя. Перад допускам да работы адказны кіраўнік знаёміць работнікаў з мерапрыемствамі па бяспецы працы, праводзіць мэтавы інструктаж з запісам у нарадзе-допуску.
Агляд і ачыстку даху могуць праводзіць асобы, дапушчаныя да правядзення работ на вышыні. У адпаведнасці з Правіламі аховы працы пры рабоце на вышыні (Пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 28.04.2001 г. №52 у рэдакцыі ад 19 лістапада 2007 г. №150) да выканання дахавых работ дапускаюцца асобы не маладзейшыя за 18 гадоў, якія прайшлі медыцынскі агляд, прафесійную падрыхтоўку, праверку ведаў і інструктажы па ахове працы і дапушчаныя да выканання работ ва ўстаноўленым парадку.
Не хадзіць па даху аднаму
Не дапускаецца працаваць на даху аднаму, выходзіць на дах у галалёд або пры хуткасці ветру больш за 15 м/с, хадзіць па даху з ухілам больш за 20 градусаў без ахоўнага пояса і страхавога троса, прымацаванага да надзейнай апоры. Пры моцным ветры, снегападзе, змене ўмоваў надвор’я з пагаршэннем бачнасці работы неабходна спыніць.
Для ачысткі даху прымяняйце драўляныя рыдлёўкі або скрабковыя прылады. Да таго ж для чысткі дахаў, ліхтароў і асвятляльнай арматуры павінны быць прадугледжаны механізмы, прылады і прыстасаванні, якія забяспечваюць бяспечнае выкананне названых работ на вышыні.
Пры скіданні снегу з дахаў зачыняце ўсе дзвярныя праёмы з боку ачышчаемага ад снегу даху або ўнутры лесвічных клетак, арак, брамак, выстаўлены дзяжурныя для папярэджання людзей аб небяспецы. Калі немагчыма было закрыць дзверы выхаду з дому ў бок ачышчаемага даху, тады неабходна зрабіць навес да мяжы небяспечнай зоны для бяспекі пешаходаў.
Не дакранацца да правадоў
Скідаць снег з дахаў дазваляецца толькі ў дзённы час. У выпадку неабходнасці правядзення гэтых работ у вячэрні ці начны час месца работы і падыходы да яго павінны быць добра асветлены. Забараняецца скідаць снег на электрычныя, тэлефонныя і іншыя правады, антэнныя ўводы, а таксама на дрэвы, хмызнякі, кіёскі і аўтамашыны, якія знаходзяцца ўнізе. Не дапускаецца скідаць з даху інструменты і іншыя прылады. Пасля заканчэння работ і ў час перапынку інструменты і іншыя прылады павінны быць прыбраны з даху.
Пры ачыстцы дахаў забараняецца дакранацца да электраправадоў, тэлевізійных антэн, светлавых рэклам і іншых установак, якія могуць выклікаць паражэнне электрычным токам. Ачыстку дахаў усіх канструкцый варта выконваць толькі драўлянымі ці пластмасавымі рыдлёўкамі, пачынаючы ад канька да карніза раўнамерна. Забараняецца пачынаць ачыстку даху ад снегу з краёў. Таксама нельга прымяняць металічныя інструменты для сколвання лёду, які ўтварыўся на асобных участках даху.
Выкарыстоўваць спецыяльныя абарончыя сродкі
Ледзяшы, якія звісаюць з карнізаў, казыркоў будынкаў, неабходна своечасова збіваць, выкарыстоўваючы спецыяльныя прыстасаванні (кручкі, аўтагідрапад’ёмнікі, аўтавышкі). Уборка вялікіх наледзяў павінна выконвацца пры дапамозе пары са шланга і іншых прыстасаванняў з выкананнем мер засцярогі супраць апёкаў і падзення з даху.
Работнікі, якія выконваюць дадзены від работ, павінны быць забяспечаны адпаведнымі сродкамі індывідуальнай абароны, санітарна-бытавымі памяшканнямі, у тым ліку памяшканнямі для абагрэву, апрацоўкі і захоўвання сродкаў індывідуальнай абароны ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Святлана ЛАТУШКА,
галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны