Адзін з кірункаў дзейнасці Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі — пошук і збор краязнаўчых матэрыялаў аб мясцовых дзеячах, жыццё і дзейнасць якіх звязана з Жукоўшчынай, вывучэнне гісторыі роднага краю. Таму быў створаны літаратурны пакой “Знакамітыя людзі зямлі Жукоўшчынскай“ і распрацавана мэтавая бібліятэчная праграма “Жывая крыніца талентаў роднага краю”.
У бібліятэцы выдзелены краязнаўчы фонд, які складаецца з 260 асобнікаў. Нядаўна слонімскі пісьменнік Сяргей Чыгрын падарыў бібліятэцы кнігу “На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне”, якая прысвечана нашаму раёну, яго знакамітым людзям, помнікам і мясцінам.
16 снежня ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы па гэтай кнізе будзе праводзіцца літаратурная вандроўка “Будзь вечнай пад небам, старонка, дзе я нарадзіўся і рос”.
Л. ЦЮЛЕНІНА,
бібліятэкар Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі