Служба ў арміі — важны этап у жыцці амаль кожнага мужчыны. Пасля праходжання курса маладога байца ваеннаабавязаныя вяртаюцца новымі людзьмі, якія паўнапраўна скончылі школу сталення і выканалі свой канстытуцыйны абавязак.
Сваімі ўражаннямі ад службы ў арміі падзяліліся ваеннаабавязаныя ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, звольненыя ў запас у адыходзячым годзе.
Радавы Валянцін Якшук
Я заўсёды маральна быў гатовы да таго, што пайду ў армію. Служыў у сілах спецыяльных аперацый. З-за змены рэжыму адразу было нязвыкла, але адаптацыя прайшла досыць хутка. Вялікіх цяжкасцяў не ўзнікала, і служба была цікавай. Я навучыўся карыстацца зброяй і пабываў у месцах, дзе раней бываць не даводзілася. Напрыклад, традыцыйны парад у Мінску на Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Заўсёды глядзеў яго толькі па тэлевізары, а ў час службы ўдалося паўдзельнічаць у галоўным парадзе краіны. Я зразумеў, як цяжка рыхтавацца да такой падзеі, колькі часу і сіл неабходна на рэпетыцыі.
Служба зрабіла мяне больш вынослівым. Лічу, што нават рэжым харчавання ў войску ўплывае на знешнія змены. Нас кармілі вельмі добра, і многія вярнуліся дамоў у выдатнай фізічнай форме.
За час службы я пасталеў, навучыўся дысцыпліне і самастойнасці.
Яфрэйтар Сяргей Апанасік
Я служыў ва ўнутраных войсках. Да службы было складана прывыкаць: усё ж такі пачалося новае жыццё. Мяне не палохаў складаны рэжым, праблем з самадысцыплінай не было. Шмат часу праводзіў за рулём машыны, а кіраваць тэхнікай умеў яшчэ да арміі, таму і спецыяльна навучацца не прыйшлося. У нас быў дружны калектыў, і нам ёсць што ўспомніць. Многія цікавыя гісторыі з арміі буду расказваць сваім дзецям. Мне здаецца, чым маладзей прызыўнік, тым прасцей яму служыць: шмат сіл і энергіі. Армія фарміруе свядомасць, ператварае хлопцаў у мужчын, а яшчэ правярае на трываласць адносіны з блізкімі.
Сяржант Яўген Томчык
Калі прыйшла павестка, для мяне гэта не стала нечаканасцю. Я трапіў у войскі сувязі. Першая раніца, якая пачалася з каманды «Пад’ём!», выклікала цікавасць.
Гэта было для мяне нечым новым і незразумелым, інтрыгавала. Мне падабаліся вучэнні, выезды на палігоны з пункта пастаяннай дыслакацыі (вайсковай часткі). На палігонах мы разгортвалі вузел сувязі, заганялі машыны ў спецыяльныя ямы, маскіравалі іх, злучалі правадамі, усталёўвалі ахову вузла. Хтосьці адказваў за апаратуру сувязі, я, напрыклад, займаўся электразабеспячэннем вузла, сачыў за тым, каб дызельгенератар быў спраўны і гатовы да выкарыстання ў любы момант.
Пасля дэмабілізацыі змяніліся мае погляды на жыццё. Калі да службы я лунаў у аблоках, то цяпер стаў рэалістам. Пачаў больш старанна размяркоўваць вольны час: раней адкладваў усё на потым, а цяпер стараюся не ўпускаць магчымасць зрабіць як мага больш карыснага.
Сяржант Аляксей Ківуля
Пайсці ў армію было для мяне шчырым жаданнем, нават застаўся служыць на два дадатковыя гады па кантракце. Я разумеў, што будзе нялёгка. Армія выхоўвае стойкасць і абавязвае быць больш жорсткім. У мяне з’явілася шмат знаёмых і сяброў, мы і цяпер падтрымліваем сувязь.
Да службы я працаваў настаўнікам у школе і вёў пасіўны лад жыцця, пераходзячы з класа ў клас. У арміі ў лепшы бок змянілася мая фізічная падрыхтоўка, а спорт стаў звычкай. Падтрымліваю сябе ў форме і дома. Я служыў у Мінску і застаўся жыць у сталіцы, працую не па спецыяльнасці. У новай працы мне як раз спатрэбіўся армейскі досвед.
Сяржант Дзмітрый Шмыгін
Я да арміі і я пасля яе — гэта два розныя чалавекі. Самае галоўнае, што я стаў больш упэўнены, стойкі, дысцыплінаваны і вытрыманы. У час службы я быў механікам-вадзіцелем, шмат даводзілася працаваць у камандзіроўках, і мне гэта падабалася. Успамінаю, як мы рыхтавалі палігон да баявых вучэнняў.
Танкаваму батальёну паступіла задача пабудаваць назіральную пляцоўку для камандзіра. Такая задача выконваецца мінімум два дні, а ў нас было менш за суткі. Каб паспець, мы працавалі ўначы і справіліся значна раней, чым трэба.
Яшчэ быў выпадак, калі ў камандзіроўцы наш камандзір узвода вырашыў праехаць на экскаватары па танкавай дарозе, машына засела. У той час адразу ў трох чалавек зламаліся рулявыя колы, таму выцягнуць экскаватар не было каму. Нам загадалі чакаць для дапамогі танк, але мы вырашылі не траціць час на чаканні. У нас была ўсяго адна рыдлёўка на некалькі чалавек, і мы самі адкопвалі экскаватар да позняй ночы. Пасля такіх выпадкаў я зразумеў, што часам нават немагчымае магчыма. Армія навучыла мяне вырашаць праблемы і спадзявацца на сябе.
Відавочна, вайскоўцы праходзяць добрую падрыхтоўку ў ходзе тактычных вучэнняў рознага маштабу, прафесійна авалодваюць ваеннай тэхнікай.
Але не менш важна, што ў працэсе службы ў салдатаў фарміруецца фізічная форма, вынослівасць, навыкі калектывізму і самавыхавання.
Юлія БАКУНОВІЧ