Шчоткіна чакае актыўнага ўдзелу жанчын у мясцовых выбарах-2018

Улада

Старшыня Беларускага саюза жанчын, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна чакае актыўнага ўдзелу жанчын у мясцовых выбарах 2018 года. Аб гэтым яна расказала сёння ў ходзе нацыянальнага форуму «Сям’я XXI стагоддзя».

Як адзначыла Мар’яна Шчоткіна, у Беларусі выбудавана архітэктура па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) — створана адпаведная парламенцкая група, дзейнічае Савет па ўстойлівым развіцці, куды ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады. Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу на важнасць дасягнення кожнай з МУР, але асобна спынілася на забеспячэнні гендарнай роўнасці і пашырэнні правоў і магчымасцей жанчын.

«Выбудоўваючы палітыку ў гендарнай сферы, Беларусь зыходзіць з таго, што дасягненне працвітання і дабрабыту для ўсіх залежыць непасрэдна ад мэтанакіраваных і сістэмных намаганняў па папулярызацыі фактычнай роўнасці жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства», — сказала яна. Так, у адпаведнасці з Канстытуцыяй жанчынам і мужчынам прадастаўляюцца роўныя магчымасці ў атрыманні адукацыі і прафпадрыхтоўкі, у працы, у руху наперад па рабоце, у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых галінах. Пры гэтым агульны прынцып гендарнай роўнасці замацаваны ў беларускім заканадаўстве, а праведзеная раней экспертыза пацвердзіла гендарную нейтральнасць нацыянальнага заканадаўства.

Гаворачы аб рэалізацыі лідарскага патэнцыялу і палітычных амбіцый, Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу, што ў апошнія гады ўзрасла прадстаўленасць жанчын сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі. Так, у парламенцкім скліканні 2016 года доля жанчын складае 33,7 працэнта, у той час як у мінулым скліканні яна дасягала 29,7 працэнта. «Хутка будуць праходзіць выбары на мясцовым узроўні, і наша агульная задача — садзейнічаць таму, каб абавязкова жанчыны былі прадстаўлены ў мясцовых Саветах дэпутатаў, і не на адзінкавым узроўні», — заявіла нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР. Цяпер у мясцовых Саветах жанчыны складаюць 46,3 працэнта ад агульнай колькасці дэпутатаў і ўзначальваюць больш за 30 працэнтаў органаў мясцовага самакіравання.

Што датычыцца сям’і і сямейных каштоўнасцей, Мар’яна Шчоткіна канстатавала, што на сучасным этапе з-за розных прычын усё больш людзей не спяшаюцца звязваць сябе вузамі афіцыйнага шлюбу. Як вынік, расце колькасць пазашлюбных саюзаў. На думку старшыні Беларускага саюза жанчын, у сувязі з гэтым неабходна прыкладаць больш намаганняў для фарміравання ў грамадстве, асабліва ў маладога пакалення, больш адказнага стаўлення да сямейнага ладу жыцця, выхавання дзяцей, лічыць яна. Вялікую ролю ў вырашэнні гэтага пытання павінны адыграць грамадскія аб’яднанні, лічыць яна.

«Не трэба забываць і аб тым, што сям’я — гэта не толькі бацькі і дзеці, але і прадстаўнікі старэйшых пакаленняў», — заўважыла Мар’яна Шчоткіна. Паводле яе слоў, сёння часта дзеці жывуць асобна ад сваіх пажылых бацькоў, у тым ліку за межамі краіны, пры гэтым ірвуцца сувязі паміж пакаленнямі, а клопат аб пажылых людзях кладзецца на плечы дзяржавы. «Мы павінны выхоўваць у моладзі пачуццё адказнасці за сваіх бабуль і дзядуль, павагі да людзей пажылога ўзросту, вучыць выбудоўваць адносіны паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, што будзе садзейнічаць аднаўленню міжпакаленных сувязей і ўмацаванню інстытута сям’і», — упэўнена Мар’яна Шчоткіна.

Арганізатарамі нацыянальнага форуму «Сям’я XXI стагоддзя» выступаюць Беларускі саюз жанчын і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка. Суарганізатары — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства аховы здароўя, ГА «БРСМ».



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *