Пражыві, студэнт, на стыпендыю

Падзеі

Калі я была студэнткай, у вольны ад вучобы час старалася падпрацоўваць. Атрымлівала стыпендыю, таксама фінансавую дапамогу аказвалі бацькі. Грошы траціла не вельмі беражліва, бо іх хапала амаль на ўсё. Але ў апошні месяц вучобы стала цікава, ці магчыма ў Мінску пражыць толькі на стыпендыю? Мая стыпендыя — 87 рублёў (павысіла з мінімальнай, добра здаўшы сесію).

Калі вырашыла правесці эксперымент, адразу вельмі засумнявалася, што ён удасца. Не ведала нават, з чаго пачаць. Перш за ўсё, вырашыла аплаціць «абавязковыя расходы». За інтэрнат — 25 рублёў, за інтэрнэт — 5, за мабільную сувязь — 8,5. Абавязкова трэба было паклапаціцца аб праязным білеце. Да месца вучобы і працы мне можна было дабрацца на метро, таму праязны вырашыла ўзяць толькі на адзін від транспарту, кошт — 24 рублі. Атрымалася, што больш за палову стыпендыі ўжо патраціла.

На 30 дзён у мяне засталося 24,5 рублі. Падзяліць гэту суму на кожны дзень было нелагічна, таму што за астатнія капейкі можна купіць хіба што маленькую бутэльку вады. Я рабіла пакупкі па меры неабходнасці ў магазінах, дзе былі зніжкі на патрэбныя мне тавары. Пашанцавала ў тым, што да пачатку эксперыменту ў мяне засталася ўпакоўка аўсяных шматкоў. Снедала кашай, а да яе дабаўляла яблыкі, якія каштуюць нядорага.

Абеды і вячэры? Выратоўвалі бацькі, перадаючы мне пакеты з хатняй ежай праз вадзіцеляў міжгародніх маршрутак і аўтобусаў. Дзякуючы гэтаму, на прадукты шмат траціць не прыйшлося. Ва ўніверсітэце купляла самыя танныя вафлі і чай, калі было шмат заняткаў. Часам купляла ў магазіне тварог, кефір, крыху разынак і рабіла «ссабойку».

За ўвесь час эксперыменту я патраціла на прадукты каля 17 рублёў. Ніколі я так пільна не звярала чэкі і ніколі так не прытрымлівалася правіла «капейка рубель беражэ». Апошнія 7,5 рубля патраціла на гігіенічныя рэчы. Мне нават удалося знайсці любімы шампунь для валасоў з вялікай зніжкай. Для гэтага, праўда, прыйшлося ехаць на другі канец горада.

У апошні дзень эксперыменту было нерэальнае адчуванне: хацелася на наступны ж дзень усе адкладзеныя кішэнныя грошы патраціць на якое-небудзь глупства. Лічы, так я і зрабіла.

Эксперымент удаўся, хоць было няпроста. Вынік: пражыць на стыпендыю рэальна, але толькі пры наяўнасці запасаў ежы і клопаце бацькоў. А добрыя адзнакі за экзамены, аказваецца, таксама могуць стаць выратавальным кругам і трохі пашырыць спіс расходаў.
Цікава, як «выкручваюцца» студэнты-дзятлаўчане і якой бы сумы ім хапіла на месяц?

Сяргей Губар, студэнт 2 курса ГрДУ імя Янкі Купалы:

Мая стыпендыя — 62 рублі. Я стараста групы, за гэта атрымліваю дадаткова 9 рублёў і іх аддаю за аплату інтэрната. Каля 5 рублёў у месяц плачу за інтэрнэт. У мяне 2 сім-карты, на мабільную сувязь аддаю ў сярэднім 30 рублёў. На вучобу хаджу пешшу, за паездкі на грамадскім транспарце аддаю каля 3-х рублёў у тыдзень.

Думаю, што грошай, якія застаюцца, хапіла б на два тыдні, купляючы толькі самае неабходнае і не дазваляючы сабе нічога лішняга. Эканоміць бы даводзілася на ўсім.

Я прыязджаю дадому 2 разы ў месяц, і бацькі падтрымліваюць мяне фінансамі і прадуктамі. Калі абысціся без дапамогі, то 120-150 рублёў было б дастаткова на самае неабходнае для студэнта.

Ксенія Максімчык, студэнтка 1 курса ГрДУ імя Янкі Купалы:

Ва ўніверсітэт я паступіла пасля заканчэння Гродзенскага гандлёвага каледжа. У каледжы я атрымлівала 45 рублёў стыпендыі, расцягнуць гэтыя грошы на месяц немагчыма. Таму пры паступленні ў ВНУ я абрала завочнае аддзяленне, каб самастойна працаваць і не звяртацца да бацькоў па дапамогу. Думаю, непрацуючаму студэнту хапіла б каля 150 рублёў у месяц.

Вадзім Каско, студэнт 2 курса БДЭУ:

Маю стыпендыю ў 72 рублі можна патраціць толькі на праязны білет, дзве паездкі дадому, а астатніх грошай ледзь хапае на тое, каб схадзіць куды-небудзь з сябрамі. Я жыву ў інтэрнаце, наймаць жыллё не трэба — у гэтым плюс. Лічу, што сучаснаму студэнту нерэальна пражыць месяц толькі на стыпендыю, тым больш у сталіцы. Фінансавую дапамогу мне аказваюць бацькі. Мне б хапіла 150 рублёў стыпендыі.

Вераніка Жых, студэнтка 4 курса ГрДМУ:

Я вучуся на платным аддзяленні і стыпендыю не атрымліваю. Грошы мне высылаюць бацькі. У мінулым годзе я спрабавала падпрацоўваць афіцыянткай, але гэта цяжка сумяшчаць з вучобай. Месца ў інтэрнаце мне не далі, цяпер жыву ў сваякоў, таму што бацькам складана аплачваць мне асобнае жыллё. У месяц я трачу няшмат. На асабістыя патрэбы — купіць праязны, аплаціць інтэрнэт, пагуляць з сябрамі — мне хапае рублёў 60-80, але гэта толькі таму, што жыву з роднымі.

Ілья Скібінскі, студэнт 2 курса БДУІР:

Кожны месяц атрымліваю 68 рублёў. Іх мне хапае толькі на тое, каб аплаціць інтэрнат, купіць праязны і адзін раз схадзіць у магазін. Ва ўсім дапамагаюць бацькі, але дадому езджу толькі раз у месяц.

Думаю, на стыпендыю можна пражыць, калі выдатна вучыцца і павышаць суму. На тыя грошы, якія я атрымліваю, рэальна жыць, калі ва ўніверсітэт дабірацца пешшу і атрымліваць дапамогу ад бацькоў. Без дапамогі не абысціся, калі не хочаш харчавацца толькі аўсянкай.

Вольга Скіба, студэнтка 2 курса БДЭУ:

Атрымліваю штомесяц 76 рублёў. Жыву ў інтэрнаце, і за гэта плачу 30 рублёў. Нямала грошай трачу на праезд па Мінску. Як і многім студэнтам, мне часта даводзіцца рыхтаваць рэфераты, курсавыя — гэта ўсё трэба раздрукоўваць за грошы. Для сябе практычна нічога не застаецца. Без дапамогі бацькоў не абысціся. Калі б студэнтам плацілі рублёў 200, то можна было б жыць самастойна.

Юлія БАКУНОВІЧ



2 комментария по теме “Пражыві, студэнт, на стыпендыю

  1. Молодежь хоть и пытается казаться самостоятельной , но без помощи родителей никуда, хорошо что вы это хоть понимаете , цените ! Но и работу студенту не так просто найти что бы не было ущерба в учёбе , совмещать не реально ! У меня две дочки студентки , одна в Минске , другая в Гродно и не получается найти работу , в университетах требуют посещаемость и работодатели хотят полный рабочий день

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Автор , если не секрет где вы подрабатывали , какую подработку найти девочкам студенткам в Минске и в Гродно ? Мальчикам проще , грузчиком можно например

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *