Плюсы ваеннай прафесіі

Падзеі

Кім стаць? Якую прафесію выбраць? Прыходзіць час, калі гэтыя пытанні ставіць перад сабою кожны школьнік.

Дакладная інфармацыя – вось што патрэбна будучым абітурыентам для свядомага выбару прафесіі.

З вучнямі старэйшых класаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава сустрэліся прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і раённага ваеннага камісарыята.

Начальнік групы прызыву на ваенную службу старшы лейтэнант Павел Бараноўскі расказаў школьнікам аб сучаснай арміі, яе задачах, родах войскаў, ваеннай прафесіі.

“Спыніўшы свой выбар на Ваеннай акадэміі, маладыя людзі пасля яе заканчэння атрымліваюць прэстыжную і запатрабаваную спецыяльнасць, якая дазволіць ім упэўнена глядзець у будучыню”, — падкрэсліў прадстаўнік Ваеннай акадэміі капітан Вячаслаў Разумны. Цяпер Ваенная акадэмія з’яўляецца вядучым навучальным, метадычным і навуковым цэнтрам у сістэме адукацыі, які ажыццяўляе падрыхтоўку афіцэраў па 26 ваенных спецыяльнасцях.

Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі акадэміі з’яўляюцца адзінаццаць факультэтаў, але больш падрабязна Вячаслаў Разумны спыніўся на тых, якія рыхтуюць курсантаў.

Напрыклад, на агульнавайсковым факультэце вучаць на мотастралкоў, танкістаў, ваенных псіхолагаў, спецыялістаў тылавога забеспячэння і ідэалагічнай работы. На факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэмаў кіравання — на сувязістаў, спецыялістаў спецыялізаваных сістэмаў кіравання і апрацоўкі інфармацыі. На факультэце супрацьпаветранай абароны займаюцца будучыя афіцэры эксплуатацыі і абслугоўвання радыётэхнічных сістэмаў і ракетных комплексаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні войскаў супрацьпаветранай абароны.

Прафесійны адбор абітурыентаў ажыццяўляецца па наступных паказчыках: маральна-дзелавыя якасці, стан здароўя, прафесійна-псіхалагічны адбор, фізічная падрыхтоўка.

У час навучання курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Жывуць у добраўпарадкаваных казармах ці інтэрнатах, атрымліваюць рэчавае, харчовае і грашовае забеспячэнне. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ім гарантуюцца працаўладкаванне, дастойная аплата працы, сацыяльная абароненасць, магчымасць для прафесійнага і кар’ернага росту. Акрамя таго, у час навучання курсанты дадаткова праходзяць праграму падрыхтоўкі на вадзіцеля катэгорыі “С” з наступнай магчымасцю атрымання правоў на кіраванне транспартным сродкам.

Заняткі з курсантамі праводзяць высокакваліфікаваныя педагогі. За гады існавання ўстановы тут сфарміраваны багатыя бібліятэчныя фонды навучальнай і спецыяльнай літаратуры,  завершана глабальная камп’ютарызацыя аўдыторый. Акцэнт робіцца на фізічную і агульнавайсковую падрыхтоўку.

Дарэчы, у Ваенную акадэмію прымаюць і дзяўчат на агульнавайсковы факультэт і факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання.

Затым вучням паказалі відэаролік аб Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

Начальнік групы прызыву на ваенную службу Дзятлаўскага раённага ваенкамата Павел Бараноўскі параіў падлеткам, у якіх ёсць жаданне вучыцца ваеннай справе, па інфармацыю аб паступленні звяртацца ў райваенкамат.

Напрыканцы сустрэчы старшакласнікі змаглі задаць пытанні супрацоўнікам ваеннага камісарыята і прадстаўніку акадэміі.

 

Вольга ЮШКЕВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *