Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка

Падзеі

Паважаныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Дарагія землякі!

Яшчэ адну старонку летапісу перагортвае гісторыя. Кожны яе радок — добрыя справы нашых людзей. Па даўняй традыцыі напярэдадні Новага года падводзяцца вынікі года адыходзячага.

Сёння можна смела называць тыя паказчыкі, якіх мы дасягнулі ў розных галінах народнай гаспадаркі.

На пасяджэнні Гродзенскага аблвыканкама, якое прайшло на Дзятлаўшчыне, былі пастаўлены задачы, як у 2017 годзе развівацца нашаму раёну. Усе раённыя службы з разуменнем да іх аднесліся, і мы зрабілі яшчэ адзін крок у паступальным руху наперад. Добрыя вынікі дасягнуты ў раслінаводстве: валавы збор зерневых і зернебабовых культур павялічыўся на 8,2% да ўзроўню 2016 года, валавы збор рапсу — больш чым у 2 разы, цукровых буракоў — на 6,7%, бульбы — на 29,8%. Мы ганарымся тым, што Дзятлаўскі раён адзін з лепшых на Гродзеншчыне па вытворчасці цукровых буракоў і займае другую пазіцыю сярод 17 раёнаў вобласці.

Дастойных вынікаў дасягнулі жывёлаводы Дзятлаўшчыны: у раёне сёлета павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У шэрагу гаспадарак за кошт сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі абнавіўся машынна-трактарны парк. У цэлым, выручка прадукцыі сельскай гаспадаркі сёлета павялічылася на 11,5%, рэнтабельнасць продажаў склала 4,5%.

Стабільная работа аграпрамысловага комплексу спрыяла рабоце прамысловых прадпрыемстваў раёна, якія ўнеслі дастойны ўклад у скарбонку Дзятлаўшчыны. Адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Дзятлаўскі сыраробны завод», «Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь», «Дварэцкі льнозавод», «Наваельнянскі КХП» забяспечваюць прадукцыяй не толькі свой раён, але і рэалізоўваюць яе за межы рэспублікі, забяспечваючы прыток валюты так неабходны раёну. Экспарт тавараў па раёне дасягнуў 133,8%. Прадукцыя нашых прадпрыемстваў экспартуецца больш, чым у 15 краін свету.

Варта падзякаваць за работу калектывам санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, за кошт якіх дасягнуты паказчык 153,6% экспарту паслуг, што складае 57% агульнаабласнога паказчыка.

Значную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Дзятлаўскага раёна адыгрывае малое і сярэдняе прадпрымальніцтва, якое спрыяе фарміраванню канкурэнтнага асяроддзя, пашырэнню сферы паслугаў, стварэнню рабочых месцаў. Удзельная вага прыватнага бізнэсу ў экспарце раёна — 14%, прыватныя прадпрыемствы сёлета экспартавалі тавараў на суму 3,3 мільёна долараў ЗША. Сярод раённых лідараў фірма “Канвіга” і ТАА “Ізакам Пласт”. Прэзідэнтам даручана, каб мы, мясцовыя ўлады, і надалей стваралі самыя спрыяльныя ўмовы для работы прыватнага сектара эканомікі. І мы зробім усё магчымае, каб гэта выканаць.

Дзякуючы будаўнікам раёна, на Дзятлаўшчыне з’явіўся шэраг новых аб’ектаў. Сёлета пабудавана ферма ў Белагурне. Праведзена мадэрнізацыя рэнтгенкабінета Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, закуплена 18 адзінак сучаснага медыцынскага абсталявання, што дазволіла значна павысіць якасць аказваемых пацыентам паслугаў. У Год навукі медыцынай раёна асвоена 9 новых методык лячэння.

Таксама Год навукі на Дзятлаўшчыне быў азнаменаваны сустрэчай у вёсцы Жыбартаўшчына дэлегацыі ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Геалогія і мінеральна-сыравінныя рэсурсы Захаду Усходне-Еўрапейскай платформы: праблемы вывучэння і рацыянальнага выкарыстання”, прысвечанай Ігнату Дамейку, якая ладзілася да 215-годдзя з дня нараджэння гэтага таленавітага вучонага, гуманіста, патрыёта.

У раёне забяспечваецца стабільнасць асноўных паказчыкаў якасці агульнай сярэдняй адукацыі. 15 выпускнікоў школ раёна ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі. Навучэнка Наваельнянскай школы Ірына Рагозіна атрымала 100-бальны вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове. На абласным этапе навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная альфа” заваяваны 5 дыпломаў. Навучэнец гімназіі №1 горада Дзятлава Ілья Угрын адзначаны дыпломам другой ступені на заключным этапе алімпіяды па матэматыцы і ўзнагароджаны прэміяй імя Аляксандра Дубко. Гімназістка Марыя Каско атрымала Пахвальны ліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па выніках алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. На рэспубліканскім конкурсе эколага-біялагічных работ дыпломам другой ступені адзначаны навучэнец Наваельнянскай школы Ягор Сокал. Ён жа і Ілья Угрын унесены ў базу даных адоранай моладзі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і ўзнагароджаны грашовымі прэміямі.

Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа перадала дзвюх выхаванцаў у вучылішча алімпійскага рэзерву горада Гродна, падрыхтаваны тры спартсмены першага разраду.

Спартсменамі раёна заваявана 51 прызавое месца ў абласных і 7 у рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Работнікі культуры сёлета імкнуліся дайсці да кожнага жыхара Дзятлаўшчыны. Святы завіталі ў аграгарадкі, дзякуючы сельскагаспадарчаму раённаму праекту “Дбайных гаспадароў славім – весела час бавім”. Адметна, што прыняць у іх удзел запрашаліся прафесійныя калектывы эстрады. У абласным культурным марафоне да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гродне ўдзельнічалі ўзорныя і народныя калектывы Дзятлаўшчыны. Тэатр роставых лялек прыняў удзел у міжнародным фестывалі фальклору “Мотыльскія прысмакі”. Узорны ансамбль скрыпачоў “Зорачкі” Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў стаў прызёрам Славянскага базара ў Віцебску. 28 навучэнцаў гэтай установы сталі прызёрамі міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў.

Адметнай падзеяй духоўнага жыцця Дзятлаўшчыны ў год 700-годдзя Навагрудскай епархіі стала асвячэнне храма ў гонар Навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве. Ён будаваўся на працягу 25 гадоў, а быў закладзены 100 гадоў таму. І ў тым, што сёлета храм нарэшце адкрыты, заслуга кожнага жыхара нашага раёна.

Варта падкрэсліць, што галоўнае для нас – гэта людзі, жыхары Дзятлаўшчыны. Іх стваральная, самаадданая праца ляжыць у аснове ўсіх пералічаных дасягненняў. Таму і надалей намаганні кіраўніцтва раёна будуць скіраваны на тое, каб на Дзятлаўшчыне было камфортна і зручна жыць, каб кожны чалавек мог зарабіць сабе на жыццё. А тэмп росту намінальнай налічанай заработнай платы за 11 месяцаў 2017 года ў раёне склаў 110,2%. У наступным годзе мы таксама будзем працаваць над павелічэннем заработнай платы і павышэннем дабрабыту дзятлаўчан.

Усе погляды скіраваны ў 2018 год. Нам трэба будзе шмат працаваць. Сярод першачарговых планаў – павялічыць экспарт, у тым ліку паслугаў. Для гэтага давядзецца задзейнічаць увесь патэнцыял Дзятлаўшчыны. У нас цудоўны, маляўнічы раён, ёсць прыгожыя аграсядзібы, рэкі, лясы, чыстае паветра. Застаецца павысіць прывабнасць рэгіёна для бізнэсу. Упэўнены, што рэалізацыя новых планаў усім па сілах. Для гэтага на Дзятлаўшчыне ёсць працавітыя людзі, граматныя кіраўнікі і спецыялісты, перспектыўная моладзь.

Сардэчна дзякую ўсім за добрасумленную працу і ўдзячны кожнаму, хто ўносіць дастойны ўклад у развіццё нашага раёна.

Дарагія сябры! Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прыміце шчырыя і сардэчныя віншаванні з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым! Няхай збудуцца ўсе вашы жаданні, а надыходзячы год стане плённым, мірным, шчаслівым для кожнага з вас. Прыміце пажаданні моцнага здароўя, светлага шчасця, надзеі, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, дабрабыту ў кожную сям’ю, удачы і кахання.

З Новым 2018 годам!

Аляксандр ДУБОВІК,
старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта



1 комментарий по теме “Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка

  1. И Вас поздравляем с Новым годом, уважаемый Александр Михайлович!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *