Наталля Лях: “На рабоце гляджу кіно”

Падзеі

Многія, прачытаўшы загаловак, маглі падумаць: “Як пашанцавала, вось бы ўсім такую работу, дзе можна глядзець кіно”. Згаджаецца з гэтым і Наталля Лях, відэадэманстратар кінатэатра “Спадарожнік”.

— Ужо 35 гадоў працую ў кінатэатры і на рабоце гляджу кіно. Здаецца, толькі нядаўна прыйшла на працу, а як хутка праляцеў час.
Наталля Іванаўна расказвае, што са школьных гадоў хацела стаць бухгалтарам, вабілі яе лічбы, табліцы. Бывала, часам і шкадавала, што яе мара не збылася, але тут жа сама і зазначае, што “няма ў мяне такой уседлівасці, якой патрабуе гэта прафесія”.

Пасля заканчэння Мінскага палітэхнікума кінаабсталявання і эксплуатацыі па накіраванні паехала ў Навагрудак, але там было занята месца, і ёй прапанавалі працу ў Дзятлаве ў кінатэатры “Спадарожнік”. Так і засталася тут. Спачатку займала пасаду інжынера, потым, калі пачалі скарачаць кінаўстаноўкі і закрываць іх, ёй прапанавалі стаць тэхнікам, а з 2007 года і па сёння працуе відэадэманстратарам. Ездзіць у асноўным у школы, дзіцячыя садкі, санаторый “Радон”, паказвае фільмы, для меншых дзетак – мультфільмы.

— Раней фільмы паказвалі на бабінах, — успамінае Наталля Іванаўна, — было цяжкавата іх пераматаць, падрыхтаваць, запусціць, адказная і карпатлівая была праца. Калі параўнаць маю работу 30 гадоў таму і цяпер, то магу з упэўненасцю сказаць, што сёння працаваць стала значна лягчэй. І ўмовы лепшыя, і апаратура. З мяне смяюцца: “У цябе на пальцы ўжо мазоль, націскаеш толькі на адну кнопку”. Аднак і цяпер трэба старацца, усё запамінаць, разбірацца ў тэхніцы, у прыватнасці, працаваць з 3Д апаратурай.

Узгадваючы гады працы, Наталля Іванаўна з сумам зазначае, што цяпер у кіно людзі ходзяць значна менш, а раней залы былі перапоўненыя. Сёння ў кожным доме ёсць тэлевізар, Інтэрнэт, дзе можна паглядзець любы фільм. Хаця ад прагляду на вялікім экране больш уражанняў, чым на тэлевізары. Калі ў “Спадарожніку” пачалі паказваць кіно ў 3Д-фармаце, было па пяць-шэсць сеансаў у дзень, людзі хадзілі сем’ямі.

За 35 гадоў работы набываецца вялікі вопыт не толькі працоўнага стажу, але і ўменне ладзіць з калегамі, знаходзіць выйсце з любых сітуацый.

— Ці былі цяжкасці? — успамінае Наталля Іванаўна. — Зразумела, бывалі, але не скажу, што шмат. Цяжка было, калі прыйшлося два месяцы замяняць дырэктара, які захварэў. А ўвогуле, шкада пакідаць работу. Раней, калі хварэла, стамлялася, была вялікая нагрузка, думала, хутчэй бы пайсці на адпачынак, а цяпер не хачу. Думаю, як жа добра працаваць. Толькі было б здароўе. І з калегамі адносіны вельмі добрыя, усе ў нас ветлівыя, добразычлівыя. Зладжана працуем з Аленай Высоцкай, таксама відэадэманстратарам, заўсёды падтрымлівае мяне, дапамагае.

А напрыканцы жанчына зазначыла, што ў кінатэатр будзе хадзіць і на пенсіі, бо любоў да кіно на вялікім экране застанецца з ёй назаўсёды.

Святлана ГРЫШЫНА

Стоит почитать:

Галоўны рэдактар газеты “Перамога”

Не дарэмныя яе намаганні

У лесе нарадзілася — у доме спатрэбілася



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *