Наколькі папоўніцца бюджэт?

Падзеі

21 снежня ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Яго тэмы наступныя: «Месца і роля мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі», «Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за 11 месяцаў 2017 года», «Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі».

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Таццянай Лідзяевай сустрэлася з работнікамі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Група старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка наведала аграгарадок Таркачы, сустрэлася з яго жыхарамі.

З тэматычнымі дакладамі перад прысутнымі выступалі: у Дзятлаве — намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Т. Лідзяева, першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама Д. Скварчынскі, галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама А. Юшкевіч; у Таркачах — старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Г. Жых, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама А. Біль, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама А. Урбановіч.

 

Было, у прыватнасці, адзначана, што мясцовае самакіраванне з’яўляецца адным з важнейшых складнікаў беларускай дзяржаўнасці. Дэпутаты мясцовых Саветаў, працуючы ў цесным кантакце з органамі выканаўчай улады, аказваюць уплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў, а галоўнае — вырашаюць канкрэтныя праблемы грамадзян. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка дакладна вызначыў прыярытэты дзейнасці народных абраннікаў: «Дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, прыняць зацікаўлены ўдзел у яго няпростых жыццёвых абставінах, падтрымаць — у гэтым вышэйшае прызначэнне дэпутата».

Ад дэпутата мясцовага Савета ў многім залежыць стаўленне людзей да ўлады ў цэлым. Пытанні, якія вырашаюцца мясцовымі органамі кіравання, даволі значныя, напрыклад, забеспячэнне ўстойлівага і комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамаснай тэрыторыі, добраўпарадкаванне, выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Для нашых грамадзян неад’емным з’яўляецца гарантаванае Канстытуцыяй краіны і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» права самім фарміраваць органы ўлады на месцах. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 18 лютага 2018 года прызначаны выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.

Актуальнае напрыканцы года і пытанне сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за 11 месяцаў 2017 года. Так, аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту ў студзені-лістападзе склаў 8,1 мільярда рублёў, або 102,3% да ўзроўню адпаведнага перыяду 2016 года.

За студзень-верасень 2017 года ў эканоміку вобласці прыцягнута 62,9 мільёна долараў ЗША прамых замежных інвестыцый. У цэлым па вобласці за студзень-кастрычнік атрымана 488,9 мільёна рублёў чыстага прыбытку, што перавышае мінулагодні ўзровень у 2,2 раза. Заданне па працаўладкаванні грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў выканана: працаўладкаваны 3873 чалавекі пры заданні — 3760. Намінальная сярэднямесячная заработная плата павялічылася на 11% і склала 684,5 рубля (у
Дзятлаўскім раёне на 10,2 % і склала 561,4 рубля).

Старшыня райвыканкама А. Дубовік зазначыў, што вынікі ёсць па ўсіх накірунках работы ў раёне. У галіне сельскай гаспадаркі станоўчая дынаміка адсочваецца ў раслінаводстве, крыху адстае жывёлагадоўля. Гэта не тычыцца бясспрэчнага лідара раёна ААТ «Граніт-Агра», дзе найбольшая ўраджайнасць рапсу і валавы збор зерня. Ад дасягнутых лічбаў залежыць, наколькі папоўніцца бюджэт раёна, колькі грошай будзе на адукацыю, медыцыну, рамонт дарог.

У час разгляду пытання аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі і злачынствам супраць маралі было адзначана, што, на жаль, яны характэрны не толькі для вобласці, а і для нашага раёна. Так, міліцыя адшукала жыхара Гезгал, які паехаў працаваць у Расію, а стаў рабом на цагельным заводзе ў Дагестане. У раёне былі зарэгістраваны 4 факты распаўсюджання парнаграфіі, выяўлены 5 асобаў, якія займаюцца прастытуцыяй.

Напрыканцы сустрэчы жыхары Таркачоў цікавіліся, ці ёсць магчымасць пусціць аўтобус па маршруце Дзятлава — Наваельня — Таркачы, калі змогуць адрамантаваць дарогу Таркачы — Ліжэйкі і некаторыя іншыя ўчасткі дарог. Аляксандр Дубовік паабяцаў больш дэталёва вывучыць пытанні людзей і аказаць магчымую дапамогу.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *